15 мая ў адпаведнасці з рэзалюцыяй Генеральнай асамблеі ААН штогод адзначаецца Міжнародны дзень сем'яў
У Беларусі гэта таксама святочная дата – Дзень сям’і. Начальніца аддзела ЗАГС Лепельскага райвыканкама Алена Бельская падзялілася з журналістамі раёнкі цікавымі фактамі. Рэдкасныя імёны, статыстыка нараджальнасці, узрост бацькоў – усё гэта ў тэматычнай падборцы.
З моманту, калі наша краіна атрымала суверэнітэт, самае папулярнае на Лепельшчыне мужчынскае імя – Аляксандр, жаночае – Анастасія. Падвойныя імёны вялікай папулярнасцю не карысталіся, аднак у ЗАГСе зарэгістравалі нараджэнне дзяўчынкі з іменем Софі Эсеогене, а хлопчыкам давалі такія імёны як Ян-Тамаш, Мухамед-Зіяд і Марк-Антоній.
Згодна са статыстыкай у свеце ў сярэднім на 100 дзяўчынак нараджаецца 105 хлопчыкаў. А што ў нас? З 1991 года хлопчыкаў нарадзілася на 2,6% больш, чым дзяўчынак. Больш за ўсё дзяцей – адзінаццаць! – нарадзіла ў 1994 годзе 36-гадовая жыхарка вёскі Бароўка Лепельскага раёна.
Самымі юнымі мамамі лепельчанкі станавіліся ў 13 гадоў, бацькамі – у 16 гадоў (такое ранняе бацькоўства здаралася надзвычай рэдка, апошні раз – 20 гадоў таму).
Бывала, што мужчыны станавіліся бацькамі ў 60 гадоў, ну а самай «дасведчанай» мамай у 2022 годзе стала 54-гадовая жыхарка раёна!
Сярэдні ўзрост бацькоў паступова павялічваецца: калі ў 1990-2000-х гадах у большасці выпадкаў бацькамі станавіліся ў 24 гады жанчыны і ў 26 гадоў мужчыны; у 2010 годзе – у 26 і 28 гадоў адпаведна, то да 2024 года сярэдні ўзрост мам склаў 29 гадоў, татаў – 32 гады.