Пешаходы пры наяўнасці ў зоне бачнасці пешаходных пераходаў павінны перасякаць па іх праезную частку дарогі (вуліцы). Перад пачаткам пераходу яны абавязаны пераканацца, што выхад на праезную частку дарогі бяспечны (п. 17.2 ПДР), г.зн. спыніцца ля краю праезнай часткі, паглядзець па баках, пераканацца, што кіроўцы іх заўважылі і паспелі спыніць транспартны сродак. Пры пераходзе праезнай часткі неабходна спыніць размовы па мабільным тэлефоне, адключыць навушнікі, узяць малалетніх дзяцей за руку.

Не будзе лішнім нагадаць, што згодна з Правіламі дарожнага руху пры пад'ездзе да нерэгулюемага пешаходнага пераходу кіроўца павінен рухацца з хуткасцю, якая дазволіць пры неабходнасці саступіць дарогу пешаходам. Дзеянні кіроўцы на нерэгулюемым пераходзе павінны быць такімі, каб пешаход пры руху па пераходзе не быў вымушаны змяніць напрамак і (або) тэмп свайго руху. Калі перад пешаходным пераходам спыніўся (стаіць) або запаволіў рух транспартны сродак, то кіроўцы іншых транспартных сродкаў, якія рухаюцца па суседніх палосах руху ў спадарожным напрамку, абавязаны знізіць хуткасць руху і пры наяўнасці пешаходаў саступіць ім дарогу. Кіроўца, які не прадаставіў перавагу ў руху пешаходу, які перасякае дарогу па пешаходным пераходзе, прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу на суму ад 25 рублёў 50 капеек да 76 рублёў 50 капеек. За здзяйсненне такога парушэння паўторна на працягу года штраф узрастае да 127 рублёў 50 капеек.