Нярэдка сустракаюцца пешаходы, якія перасякаюць праезную частку ў неўстаноўленых месцах, альбо зусім знаходзяцца на праезнай частцы ў стане алкагольнага ап'янення і не абазначаны святлоадбівальнымі элементамі. Бываюць і кіроўцы, якія губляюць пільнасць, кантроль над сабой. Усё разам гэта і прыводзіць да ДТЗ, наездаў на пешаходаў, асабліва ў цёмны час сутак.

З пачатку бягучага года на тэрыторыі Віцебскай вобласці зарэгістравана 78 ДТЗ з удзелам пешаходаў, у якіх 19 чалавек загінула і 63 атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці. На тэрыторыі Лепельскага раёна зарэгістравана 2 дарожна-транспартных здарэння з удзелам пешаходаў, у якіх абодва пешаходы загінулі. Указаныя здарэнні адбыліся ў цёмны час сутак, пешаходы святлоадбівальнымі элементамі абазначаны не былі.

Адказнасць за парушэнні, дапушчаныя пешаходамі, прадугледжана арт. 18.23 КоАП Рэспублікі Беларусь. Згодна з санкцыяй указанага артыкула, прадугледжаны штраф да 3 базавых велічынь (76 рублёў 50 капеек), а ў стане алкагольнага ап'янення – да 5 базавых велічынь (127 рублёў 50 капеек).