"Светлавы дзень скарачаецца – небяспека павялічваецца!" Мэта мерапрыемства: прапаганда выкарыстання святлоадбівальных элементаў і камізэлек павышанай бачнасці пешаходамі, веласіпедыстамі, возчыкамі гужавога транспарту.
Паводле статыстыкі, менавіта восенню і зімой узрастае колькасць ДТЗ з удзелам пешаходаў. У першую чаргу гэта звязана са скарачэннем працягласці светлавога дня і пагаршэннем умоў надвор'я. Людзі апранаюцца ў адзенне цёмных тонаў і ў змярканні, у тумане, пры дажджы і ўначы становяцца практычна незаўважнымі для кіроўцаў.
Пешаход і веласіпедыст падчас руху ў цемры становяцца бачнымі для аўтамабіліста ў лепшым выпадку за 25-30 метраў. Святлоадбівальныя элементы дазваляюць удзельнікам руху «свяціцца» ў блізкім святле фар на адлегласці 130-140 метраў, а пры руху з далёкім святлом адлегласць павялічваецца да 400 метраў.
Важна правільна замацаваць флікеры – яны павінны быць добра бачныя кіроўцам, а не схаваныя за торбай або складкамі адзення. Аптымальным варыянтам з'яўляецца выкарыстанне павязак і бранзалетаў, прымацаваных на руках і нагах пешахода з боку праезнай часткі.
Нагадваем, што пры руху па дарозе ў цёмны час сутак і (або) пры яе недастатковай бачнасці на веласіпедзе і гужавым транспартным сродку спераду павінен быць уключаны ліхтар, які выпраменьвае белае святло, ззаду – ліхтар, які выпраменьвае чырвонае святло. Акрамя таго, веласіпедыстам і возчыкам гужавых павозак рэкамендуецца надзяваць камізэлькі павышанай бачнасці. У сваю чаргу кіроўцы павінны праяўляць павышаную ўвагу пры праездзе пешаходных пераходаў і руху па трасах паблізу населеных пунктаў.