У нашым раёне стала добрай традыцыяй два разы на год праводзіць Дзень прызыўніка для маладых землякоў, якіх праводзім у шэрагі Узброеных Сілаў Рэспублікі Беларусь. У гэты дзень у зале, акрамя навабранцаў, было шмат ганаровых гасцей.
Ва ўрачыстай абстаноўцы 37 прызыўнікам раёна былі ўручаны позвы на адпраўку ў воінскія часці і іншыя воінскія фарміраванні, з іх 34 маладых людзей адпраўляюцца на тэрміновую ваенную службу, 3 – на службу ў рэзерве.
Напутванні на выкананне воінскага абавязку прызыўнікам далі ваенны камісар Лепельскага і Ушацкага раёнаў Андрэй Пухальскі, старшыня Лепельскай раённай арганізацыі грамадскага аб'яднання «Рэспубліканскі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Сяргей Крывель, прадстаўнік Лепельскай раённай арганізацыі грамадскага аб'яднання «Рэспубліканскі саюз афіцэраў» Валерый Лешчанок, прадстаўнікі воінскіх часцей, у якіх будуць праходзіць ваенную службу нашы прызыўнікі, і іншыя госці.
-- Служба ва Узброеных Сілах заўсёды была прэстыжнай. Лёс кожнага мужчыны, які паважае сябе, – аддаць доўг Радзіме. Прызыўнік – гэта гучыць горда, надзейна і адказна. Вы не проста юнакі, а будучыя абаронцы, на якіх спадзяюцца маці, чакаюць сябры, блізкія і любімыя людзі. Сёння вамі ганарыцца наша краіна, -- адзначыў Андрэй Леанідавіч.
-- Для навабранца прызыў у войска – гэта новы ру_беж у жыцці, крок у дарослае жыццё. Служба ва Узброеных Сілах – важны этап у біяграфіі кожнага мужчыны. Там вы пройдзеце не толькі добрую школу жыцця, але і набудзеце сапраўдных сяброў, станеце мацнейшымі фізічна і духоўна. Доўг, гонар, служба Айчыне – галоўныя складнікі матывацыі ваеннай службы, -- сказаў Сяргей Крывель.
Як бы цяжкай ні была служба, салдаты павінны памятаць, што ёсць на зямлі месца, дзе іх чакаюць, памятаюць і любяць. Гэта месца – бацькоўскі дом. Напутныя словы прызыўнікам сказаў бацька аднаго з іх – Аляксандр Бруцкі-Сцямпкоўскі. Складана перадаць, наколькі кранальна і хвалююча заўсёды гучыць прамова бацькоў, бо ў якім бы мы ні былі ўзросце, для мамы і таты мы заўсёды дзеці.
Ва ўрачыстую частку таксама была ўключана канцэртная праграма, удзельнікамі якой сталі артысты раённага Дома культуры. На асаблівы лад настройвалі іх душэўныя песні пра самом святом, што ёсць у чалавека, – аб Радзіме, салдаце, маме.
Наталля Храпавіцкая.
Крыніца: lepel-kraj.by/