У нашым раёне ўжо стала добрай традыцыяй адкрываць у святочныя дні сацыяльна значныя аб'екты
У нашым раёне ўжо стала добрай традыцыяй адкрываць у святочныя дні сацыяльна значныя аб'екты. І кожны раз гэтыя мерапрыемствы успрымаюцца неяк па-асабліваму. Бо за імі заўсёды стаіць павышэнне якасці жыцця і дабрабыту людзей.
Кожны дом пачынаецца з двара. У адным са двароў па вуліцы М. Горкага сабраліся прадстаўнікі мясцовай улады, будаўнічай арганізацыі, жыхары бліжэйшых дамоў, каб прывітаць навасёлаў і парадавацца разам з імі.
Увод у эксплуатацыю новага дома – гэта заўсёды знакавая падзея для горада.
У гэты дзень у адрас новых жыльцоў было сказана шмат цёплых слоў і пажаданняў ад прадстаўнікоў улады.
— Такія дамы вельмі важныя для нашага раёна, бо яны будуюцца для вялікіх сем'яў, — падкрэсліў старшыня райвыканкама Міхаіл Кісялевіч. — Няхай для вас гэты шматкватэрны дом стане цёплым не толькі ў прамым сэнсе, але і ў плане сямейных адносін, няхай разам з вамі тут паселяцца добрасуседскія адносіны, узаемавыручка і ўзаемадапамога.
Міхаіл Леанідавіч таксама пажадаў, каб усе сталі добрымі суседзямі і клапатлівымі гаспадарамі, каб у кватэрах панавалі ўтульнасць і дастатак.
Прыемна, што пры падтрымцы дзяржавы будуюцца кватэры для шматдзетных сем'яў, колькасць якіх з кожным годам расце.
Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.