Абітурыенты змогуць запісацца на прафесійна-псіхалагічнае сумоўе з 5 па 31 сакавіка
15.2.20110 праглядаў
14 лютага, Мінск /Юлія Ваніна - БЕЛТА/. Прафесійна-псіхалагічнае сумоўе павінны будуць прайсці сёлета будучыя дыпламаты, кіраўнікі, мытнікі, журналісты і прававеды. Рэгістрацыя пройдзе з 5 па 31 сакавіка ўключна і толькі ў тых ВНУ, якія будуць вызначаны месцамі правядзення сумоўя па асобных групах спецыяльнасцей, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА кансультант аддзела вышэйшай адукацыі Мінадукацыі Беларусі Марыя Карпенка.
Падаць заяўкі на праходжанне сумоўя павінны ўсе, хто хоча паступаць у ВНУ і ССНУ на спецыяльнасці "дзяржаўнае кіраванне і права", "дзяржаўнае кіраванне і эканоміка", "міжнародныя адносіны", "міжнароднае права", "правазнаўства", "эканамічнае права", "журналістыка" (у тым ліку калі яна з'яўляецца дадатковай спецыяльнасцю), "міжнародная журналістыка", "мытная справа".
"Абітурыентам неабходна папярэдне прайсці прафесійна-псіхалагічнае сумоўе незалежна ад формы будучай адукацыі (вочная, завочная, дзённая, вячэрняя, атрыманне другой вышэйшай адукацыі)", - падкрэсліла Марыя Карпенка. Паводле яе слоў, пералік ВНУ, у якіх адбудзецца прафесійна-псіхалагічнае сумоўе, будзе апублікаваны ў СМІ ў бліжэйшы час.
Зарэгістравацца абітурыенты могуць самастойна - для гэтага яны павінны прыбыць у прыёмную камісію і падаць заяву аб жаданні ўдзельнічаць у сумоўі. Неабходна мець пры сабе дакумент, які сведчыць асобу (пашпарт). Пры накіраванні заявы па пошце да яе абавязкова трэба прыкласці копію дакумента, які сведчыць асобу. Заявы, накіраваныя па пошце, павінны паступіць у ВНУ не пазней 31 сакавіка. Заявы, якія паступілі пасля 31 сакавіка, не разглядаюцца. Не дапускаецца рэгістрацыя на адну і тую ж спецыяльнасць (групу спецыяльнасцей) у розных ВНУ.
Рэгістравацца і праходзіць прафесійна-псіхалагічнае сумоўе можна ў любой ВНУ, пазначанай у пераліку, незалежна ад таго, куды будзе паступаць абітурыент.
Прафесійна-псіхалагічнае сумоўе пройдзе з 5 па 30 красавіка ў адпаведнасці з графікамі, зацверджанымі ВНУ, якія праводзяць сумоўе.
Сумоўе праводзіцца ў форме індывідуальнай гутаркі камісіі з абітурыентам з мэтай выяўлення асобасных, дзелавых якасцей, здольнасцей і матывацыі да навучання па выбранай спецыяльнасці (групе спецыяльнасцей). Тут могуць быць зададзены пытанні не толькі пра тое, чаму выбрана гэтая прафесія, але і пра найбольш прывабныя, на думку абітурыента, аспекты прафесійнай дзейнасці, прэстыж прафесіі, яе сацыяльную значнасць.-0-
БЕЛТА