30 лістапада, Віцебск /Дыяна Курыло - БЕЛТА/. Абаненты сеткі velcom у Віцебску, Наваполацку ў цяперашні час недаступныя па мабільнай сувязі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Каля гадзіны тэлефоны з сім-картамі velcom спрабуюць знайсці свайго аператара, але безвынікова. У офісе аператара ў Віцебску найбольш верагоднай прычынай збою ў сетцы называюць тэхнічную аварыю і пакуль што не могуць сказаць, як доўга тэлефоны абанентаў будуць па-за зонай доступу. Па словах супрацоўнікаў кампаніі, сувязь недаступная ў Віцебску, Наваполацку, часткова ў Полацку і Мінску. У астатніх рэгіёнах Беларусі сувязь працуе.
Зараз у Віцебску можна назіраць, як людзі з неразуменнем глядзяць на свае тэлефоны, націскаюць на кнопкі, выцягваюць і зноў устаўляюць сім-карты. У віцебскім офісе аператара, па назіранні карэспандэнта, толькі за пяць хвілін не менш як чатыры чалавекі звярнуліся да супрацоўнікаў з адным і тым жа пытаннем: што здарылася з сувяззю.-0-
БЕЛТА
Абаненты velcom у Віцебску, Наваполацку ў цяперашні час недаступныя па мабільнай сувязі
30.11.20110 праглядаў