Нягледзячы на шэраг складанасцяў, усе сельгасарганізацыі раёна ўключыліся ў жніво.

Нягледзячы на шэраг складанасцяў, усе сельгасарганізацыі раёна ўключыліся ў жніво. Амаль усе разабраліся з азімым рапсам і паступова камбайны пераходзяць на жытнёвыя і пшанічныя палі. Заставалася толькі адна замінка – па традыцыі трэба было правесці афіцыйныя зажынкі, аднак прычына затрымкі мерапрыемства, як і ўвогуле для аграрыяў Лепельшчыны, была адна – неспрыяльнае надвор’е. Кожны дзень дажджы замінаюць камбайнам выехаць у поле. Здаецца, з раніцы ўсталёўваецца пагода, неба яснее, сонейка праглядае з-за аблокаў, а ў абед аблокі пераўтвараюцца ў хмары, сонца за іх хаваецца і на зямлю абрынаюцца ліўні. Нарэшце ўдалося ўлучыць пагодлівы дзень, каб сабрацца разам на полі і даць урачысты старт уборачнай кампаніі 2019 года. Сёлета афіцыйныя раённыя зажынкі праводзіліся ў сельскагаспадарчым унітарным прадпрыемстве “Пражэктар-Агра”, месцам было выбрана жытнёвае поле ля вёскі Сталюгі.

 Шэсць камбайнаў выстраіліся на ўскрайку поля, побач стаялі машына МАЗ і трактар з прычэпам, гатовыя прыняць тоны збожжа новага ўраджаю. Механізатары з нагоды ўрачыстасці апранулі новыя рабочыя касцюмы, усе былі ў прыўзнятым настроі – свята! Камбайнеры ўжо адрамантавалі свае машыны і выпрабавалі іх на рапсе і на першых гектарах збожжавых, усё працуе належным чынам. Хаця сельгастэхніка даволі старая, ад пяці да пятнаццаці гадоў, усё ж у надзейных і вопытных руках працуе. Галоўны аграном гаспадаркі Уладзімір Полаўцаў расказаў пра пачатак пасяўной:

 -- Пачалі мы, як і належыць, з азімага рапсу. Зжалі яго ўвесь за некалькі дзён і перайшлі на збожжавыя. Тут мы выбіралі, што ўбіраць у першую чаргу, пшаніцу ці жыта? Паспрабавалі і тое, і тое. Жыта выдавала па 25-26 цэнтнераў з гектара, месцамі да 30, азімая пшаніца выдае да 35 ц/га. Як бачым, пшаніца больш ураджайная, там ў першую чаргу пераключыліся на яе ўборку, нельга, каб добры ўраджай доўга стаяў на полі.

 Жытнёвае ж поле для ўрачыстых зажынак выбралі па наступнай прычыне – залішняя вільгаць. Азімая пшаніца ў “Пражэктары-Агра” пасеяна ў асноўным ля Слабады і каля бліжэйшых вёсак, а глебы там гліністыя, пераўвільготненыя дажджамі апошніх дзён. А землі былога калгаса “Радзіма”, куды ўваходзіць і вёска Сталюгі, пясчаныя, добра ўбіраюць у сябе залішнюю ваду. Камбайны і іншая тэхніка на такой глебе не загразнуць, не спатрэбіцца браць іх на буксір.