15 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Агітпляцоўкі ў жылых мікрараёнах стануць асноўным месцам правядзення сустрэч кандыдатаў у дэпутаты з выбаршчыкамі ў Віцебску. Віцебскі гарвыканкам прыняў рашэнне аб вызначэнні месцаў для правядзення ў паведамляльным парадку масавых мерапрыемстваў (збораў па-за памяшканнямі, мітынгаў, пікетавання), арганізаваных кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання, іх даверанымі асобамі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле ідэалагічнай працы Віцебскага гарвыканкама. У адпаведнасці з Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь Віцебскі гарвыканкам вызначыў 16 пляцовак для правядзення перадвыбарных масавых мерапрыемстваў. Усе гэтыя месцы знаходзяцца ў непасрэднай блізкасці ад месца жыхарства выбаршчыкаў і добра знаёмыя гараджанам. Акрамя агітпляцовак у дварах, у спіс уключаны пляцоўкі ў парках адпачынку, перад дамамі культуры. Гарвыканкам таксама вызначыў памяшканні для правядзення сустрэч кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу пятага склікання, іх давераных асоб з выбаршчыкамі, а таксама для перадвыбарных збораў, арганізаваных выбаршчыкамі. Такіх памяшканняў у абласным цэнтры два дзясяткі. У асноўным гэта актавыя залы і класы навучальных устаноў. Аналагічныя рашэнні прыняты ўсімі раённымі і гарадскімі выканкамамі Віцебскай вобласці. Месцамі для правядзення масавых мерапрыемстваў па-за памяшканнямі ў райцэнтрах часцей за ўсё вызначаны пляцоўкі каля крам, а ў аграгарадках - каля дамоў культуры. Мясцовыя органы выканаўчай улады таксама назвалі месцы для размяшчэння агітацыйных друкаваных матэрыялаў па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу пятага склікання. У цяперашні час акруговыя выбарчыя камісіі праводзяць разгляд пакетаў дакументаў і рэгістрацыю кандыдатаў у дэпутаты. Кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі пятага склікання ад 14 выбарчых акруг, размешчаных у Віцебскай вобласці, выказаў жаданне стаць 61 грамадзянін. Працэдура рэгістрацыі працягнецца па 23 жніўня ўключна. Перадвыбарная агітацыя ў Беларусі стартуе з дня рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты і працягнецца да 22 верасня ўключна. Асноўны дзень галасавання прызначаны на 23 верасня.-0-

БЕЛТА