13 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі Аляксандр Якабсон даў непрывабную ацэнку працы па рэканструкцыі малочна-таварных ферм у Глыбоцкім раёне. Пра гэта паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе КДК. Аляксандр Якабсон здзейсніў рабочую паездку ў Віцебскую вобласць, падчас якой наведаў шэраг прадпрыемстваў рэгіёна, а таксама вывучыў, як выконваецца даручэнне кіраўніка дзяржавы аб рэканструкцыі малочна-таварных ферм у двух раёнах вобласці. Аляксандр Якабсон правёў рабочую нараду з кіраўнікамі Глыбоцкага і Докшыцкага райвыканкамаў і заслухаў іх справаздачы па гэтым пытанні. І калі ў Докшыцкім раёне работы ў гэтым напрамку вядуцца планамерна, то ў Глыбоцкім існуюць сур'ёзныя праблемы. У прыватнасці, па 6 з 16 аб'ектаў да гэтага часу не распрацавана праектная дакументацыя. Старшыня КДК даў непрывабную ацэнку працы мясцовай улады па рэканструкцыі МТФ. Пры гэтым Аляксандр Якабсон запланаваў на наступным тыдні асабіста праінспектаваць аб'екты будаўніцтва ў гэтым раёне і з удзелам усіх зацікаўленых асоб высветліць прычыны тармажэння працэсу рэканструкцыі ферм. Таксама падчас рабочай паездкі кіраўнік Камітэта дзяржкантролю наведаў ААТ "Віцязь", дзе абмеркаваў з кіраўніцтвам прадпрыемства пытанні рэарганізацыі завода, і прыватнае прадпрыемства "Белль Бімбо плюс", якое спецыялізуецца на вытворчасці дзіцячага адзення.-0-

БЕЛТА