11 жніўня, Браслаўскі раён /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Выраўноўванне беларускіх цэн на асноўныя віды харчовых тавараў з расійскімі з'яўляецца неабходнасцю. Такі пункт гледжання сёння на сустрэчы з працоўным калектывам СВК "Маяк Браслаўскі" выказаў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь Аляксандр Якабсон, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У суседніх Расіі і Украіне цэны на малочную і мясную прадукцыю ў некалькі разоў вышэйшыя за беларускія. На думку Аляксандра Якабсона, гэта стала прычынай таго, што беларускія тавары масава скупляюцца прадпрымальнымі расіянамі і беларусамі і вывозяцца за межы краіны. Мяжы, мытныя перашкоды на шляху гэтага "бізнесу" няма. "З прадуктамі вывозіцца бюджэт краіны, бо вытворчасць малака і мяса ў краіне датаецца з бюджэту", - растлумачыў Аляксандр Якабсон.
На яго думку, рост цэн на асноўныя віды харчавання ў Беларусі і давядзенне іх да ўзроўню расійскіх непазбежныя. "Людзям трэба разумець, у нас іншага шляху няма: неабходна выраўнаваць цэны да ўзроўню суседніх рэгіёнаў, аднак рыўкоў не павінна быць, паступова, па 3-5% у месяц", - сказаў Аляксандр Якабсон.
Разам з тым кіраўнік кантрольнага ведамства перакананы, што з ростам цэн павінны павышацца заробкі. "Заробак павінен расці пры ўмове, што кожны на сваім працоўным месцы добрасумленна выконвае свае абавязкі, павышае прадукцыйнасць, зніжае выдаткі", - падкрэсліў ён.
Старшыня КДК Аляксандр Якабсон сёння з рабочай паездкай наведаў Браслаўскі раён, дзе пазнаёміўся з развіццём сельгасвытворчасці, ходам уборачнай кампаніі, сустрэўся з працоўнымі калектывамі СВК "Маяк Браслаўскі" і філіяла РУПП "Віцебскхлебпрам" - Браслаўскага хлебазавода і адказаў на пытанні работнікаў.-0-
БЕЛТА
А. Якабсон: выраўноўванне беларускіх цэн на харчовыя тавары з расійскімі неабходна
11.8.20110 праглядаў