12 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец запатрабаваў ліквідаваць выяўленыя ў гаспадарках рэгіёна факты бяспантыльнасці на працягу 48 гадзін. Аб гэтым ён заявіў сёння на каардынацыйнай нарадзе па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй, прысвечанай рэалізацыі патрабаванняў Дырэктывы №3 "Эканомія і беражлівасць - галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы" і ўказа "Аб аб'яўленні 2013 года Годам беражлівасці", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аб шматлікіх фактах бяспантыльнасці на аб'ектах АПК, выяўленых падчас маніторынгу, губернатору далажыў пракурор Віцебскай вобласці Генадзь Дыска. У якасці прыкладаў ён прывёў факты неналежнага захоўвання збожжа, сельскагаспадарчай тэхнікі, мінеральных і калійных угнаенняў і іншыя выпадкі, зафіксаваныя ў Дубровенскім, Талачынскім, Пастаўскім, Чашніцкім, Расонскім і іншых раёнах вобласці.

На думку Аляксандра Косінца, вытокі такога становішча спраў крыюцца перш за ўсё ў бясконтрольнасці службовых асоб, а таксама ў бяспантыльнасці работнікаў. "Кажам аб эканоміі, выхаванні беражлівасці... А што творыцца? Аб якой эфектыўнасці можа ісці гаворка? Між тым ліквідацыя гэтых парушэнняў не патрабуе вялікіх эканамічных затрат", - падкрэсліў губернатар, запатрабаваўшы выправіць іх на працягу 48 гадзін. Да тых кіраўнікоў гаспадарак, якія безадказна паставяцца да гэтай працы, ён даручыў прымяняць самыя жорсткія меры рэагавання.

Акрамя таго, старшыня аблвыканкама даў даручэнне гучныя факты бяспантыльнасці шырока асвятліць у раённых газетах.

"Сённяшняя нарада з'яўляецца своечасовай і актуальнай у частцы пастаноўкі праблемных пытанняў, падвядзення выніковасці выкананай працы і пастаноўкі задач на будучыню. Праваахоўныя органы правялі велізарную працу ў частцы рэалізацыі Дырэктывы №3. Між тым больш актыўна ўдзельнічаць у рэалізацыі гэтага дакумента, у поўнай меры ўсведамляць яго значнасць павінны ўсе грамадзяне", - заключыў Аляксандр Косінец.-0-