26 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Галоўны паказчык сацыяльна-эканамічнага развіцця – якасць жыцця людзей. Пра гэта сёння на чарговай сесіі Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў заявіў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Якасць жыцця людзей вызначаецца годным узроўнем заработнай платы і развіццём сацыяльнай сферы", - падкрэсліў губернатар. Для таго каб дамагчыся вызначанага заданнем аблвыканкама ўзроўню сярэдняй заработнай платы ў снежні 2013 года на ўзроўні $750-800 у эквіваленце, неабходна эфектыўная праца прамысловасці, аграрнага сектара, будаўнічай індустрыі. Выпрацоўка на аднаго працаўніка павінна скласці ў сярэднім за год не менш за $70 тыс.
Павышэнне эфектыўнасці працы прамысловага і аграрнага сектара Аляксандр Косінец бачыць у мадэрнізацыі. На яе правядзенне вобласці неабходна каля Br17 трлн. Прычым крыніцай фінансавання стануць уласныя сродкі прадпрыемстваў, крэдытныя рэсурсы і сродкі інвестараў. Прыярытэтнымі для рэгіёну з'яўляюцца развіццё станкабудавання, энергетыкі, прадпрыемстваў, звязаных з перапрацоўкай прыродных рэсурсаў. У аграпрамысловым комплексе неабходна працягнуць рэканструкцыю і будаўніцтва новых малочна-таварных ферм. У бягучым годзе падвергнуцца мадэрнізацыі каля 200 комплексаў, прычым усе яны будуць абсталяваны толькі даільнымі заламі і робатамі, што дазволіць жывёлагадоўлі ўстаць на інтэнсіўны шлях развіцця.
Развіццё сацыяльнай сферы старшыня аблвыканкама наўпрост звязвае з працай рэальнага сектара эканомікі. "Ад выканання павышаных прагнозных паказчыкаў залежыць выкананне прафіцыту бюджэту, што дазволіць развіваць сацыяльную інфраструктуру", - падкрэсліў ён. Абласным выканаўчым камітэтам зацверджаны павышаныя ў параўнанні з заданнем Саўміна паказчыкі прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці на 2013 год. Так, валавы рэгіянальны прадукт прагназуецца на ўзроўні 112% да 2012 года, вытворчасць прамысловай прадукцыі па індэксе фізічнага аб'ёму 120% да мінулага года, рэнтабельнасць продажаў у прамысловасці 12%, удзельная вага адгружанай інавацыйнай прадукцыі - 40%. Пры выкананні гэтых паказчыкаў прафіцыт бюджэту прагназуецца ў памеры Br2,5 трлн.-0-