27 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Жорсткія меры па зніжэнні алкагалізацыі насельніцтва запатрабаваў прыняць старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец. Пра гэта ён сёння сказаў на пасяджэнні ў ходзе разгляду пытання аб рэалізацыі рэгіянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі Віцебскай вобласці на 2011-2015 гады, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Па словах Аляксандра Косінца, у выніку праведзенай работы упраўленнем аховы здароўя, УУС Віцебскага аблвыканкама, абласным упраўленнем МНС, іншымі зацікаўленымі ведамствамі ў вобласці дасягнута пазітыўная дынаміка асноўных медыка-дэмаграфічных паказчыкаў. Так, знізілася смяротнасць ва ўсіх узроставых катэгорыях, захоўваецца станоўчая тэндэнцыя росту нараджальнасці, запавольваюцца тэмпы натуральнага змяншэння насельніцтва. У той жа час негатыўна на дэмаграфічную сітуацыю ў рэгіёне ўплываюць працяглы працэс старэння насельніцтва, гібель жыхароў працаздольнага ўзросту ад знешніх прычын. Адным з фактараў пагаршэння дэмаграфічнай сітуацыі ў вобласці застаецца алкагалізацыя насельніцтва. У сувязі з гэтым старшыня аблвыканкама запатрабаваў ад службовых асоб усіх узроўняў няўхільнага забеспячэння працоўнай дысцыпліны, падкрэсліўшы, што цяпер адказнасць кіраўнікоў за стан здароўя даверанага калектыву будзе прапісана асобным пунктам у кантрактах усіх кіраўнікоў вобласці. Значны ўклад у барацьбу з алкагалізацыяй насельніцтва, асабліва ў сельскай мясцовасці, павінны ўнесці і прадстаўнікі праваахоўных органаў. Асаблівая роля ў гэтым адводзіцца ўчастковым інспектарам. Актуальнай мерай Аляксандр Косінец лічыць таксама неабходнасць адкрыцця ў вобласці жаночага лячэбна-працоўнага прафілакторыя. Акрамя таго, вобласць працягне трымаць курс на спыненне выпуску пладова-ягаднага віна.-0-

БЕЛТА