20 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец упэўнены ў неабходнасці матэрыяльнай зацікаўленасці работнікаў, занятых выпускам інавацыйнай прадукцыі і аказаннем платных паслуг. Пра гэта ён заявіў сёння на сесіі Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, дзе абмяркоўваліся вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна ў 2011 годзе, праекты прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2012 год і бюджэт вобласці на 2012 год, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Губернатар лічыць неапраўданымі скаргі некаторых кіраўнікоў на тое, што работнікі прадпрыемстваў і арганізацый выязджаюць на працу на суседнія тэрыторыі, дзе заработная плата вышэйшая. "Зарабляйце, стварайце матэрыяльную базу, матэрыяльна зацікаўлівайце людзей", - сказаў ён. Напрыклад, у медыцыне варта прыгледзецца да вопыту расійскіх клінік, дзе каля 80% сродкаў, атрыманых ад аказання платных паслуг, выдзяляецца на заработную плату персаналу, які непасрэдна аказвае гэту паслугу. "Сродкі, атрыманыя ад аказання платных паслуг у ахове здароўя, адукацыі, культуры, сацыяльнай сферы, трэба па максімуме аддаваць выканаўцам. У людзей павінна быць матывацыя, тады яны сапраўды будуць зацікаўлены развіваць гэтыя паслугі", - лічыць Аляксандр Косінец. Аналагічныя падыходы губернатар патрабуе прымяняць у вытворчай сферы пры выпуску інавацыйнай прадукцыі. У бягучым годзе ў вобласці 27% адгружанай прадукцыі з'яўляецца інавацыйнай, у выніку яе рэалізацыі атрымана Br9 трлн. Між тым канструктары, тэхнолагі, рабочыя, занятыя яе выпускам, па-ранейшаму працуюць толькі па зацверджаных стаўках. Аляксандр Косінец запатрабаваў уважліва перагледзець пытанні заработнай платы.