27 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Задача ідэолага - дайсці да кожнага чалавека, даведацца, што яго хвалюе, і дапамагчы вырашыць праблемы. Такі пункт гледжання сёння на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама выказаў яго старшыня Аляксандр Косінец. Ідэалагічная праца ў працоўных калектывах стала галоўнай тэмай пасяджэння, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Ідэалогіі належыць важная роля ў фарміраванні іміджу ўлады і грамадскай думкі, таму так значная праца ідэалагічнай вертыкалі, падкрэсліў старшыня аблвыканкама. У рэгіёне працуюць больш за 8 тыс. прадпрыемстваў і арганізацый розных форм уласнасці. У ідэалагічнай сферы працуюць 1,1 тыс. чалавек, з якіх 950 чалавек - на прадпрыемствах, у арганізацыях, навучальных установах. Ад іх дзейнасці шмат у чым залежыць вырашэнне сацыяльна-эканамічных задач, якія стаяць перад працоўнымі калектывамі. "Для таго каб вырашыць пастаўленыя задачы, ідэолагам трэба дайсці да кожнага чалавека, ведаць, што хвалюе людзей", - падкрэсліў ён. Старшыня аблвыканкама лічыць недапушчальным, калі інфармацыйна-прапагандысцкія групы выязджаюць у працоўныя калектывы і абмяжоўваюцца чытаннем лекцый або газетных артыкулаў аб сітуацыі ў эканамічнай і сацыяльнай сферах. "Інфармацыйна-прапагандысцкія групы павінны хутка рэагаваць і вырашаць надзённыя праблемы людзей, агучаныя на гэтых сустрэчах", - падкрэсліў губернатар. Апорай ідэалагічнай працы Аляксандр Косінец лічыць грамадскія арганізацыі - прафсаюзы, БРСМ, ветэранскія і жаночыя арганізацыі. Разам з тым дзейнасць прафсаюзаў і моладзевай арганізацыі выклікае нараканні ў старшыні аблвыканкама. Напрыклад, на такіх прадпрыемствах, як "Віцязь" і "КІМ", з 2 тыс. маладых людзей толькі 2% з'яўляюцца членамі БРСМ. Аляксандр Косінец лічыць, што моладзевым лідарам варта больш актыўна адстойваць інтарэсы моладзі ў працоўных калектывах. Нельга пакідаць па-за ўвагай і ветэранаў працы. Важная роля ў ідэалагічнай працы адводзіцца сродкам масавай інфармацыі. Ва многіх з іх, на думку старшыні аблвыканкама, адсутнічаюць канструктыўныя крытычныя матэрыялы. "Замаўляючы праблему, мы даём нагоду гаварыць іншым. Ідэалогія - гэта тонкі інструмент кіравання, якім неабходна правільна карыстацца", - падкрэсліў Аляксандр Косінец.-0-

БЕЛТА