Акцыя "Беларусь памятае. Памятаем кожнага", прысвечаная 75-годдзю вызвалення рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, працягваецца па ўсёй краіне, паведамляе БЕЛТА.
Акцыя праходзіць у Беларусі як даніна памяці подзвігам і лёсам тых, хто ўнёс свой уклад у вызваленне краіны і Вялікую Перамогу. Усклаўшы кветкі да Вечнага агню на плошчы Перамогі ў Мінску, да акцыі далучыліся прадстаўнікі Міністэрства абароны на чале з міністрам Андрэем Раўковым.
Ушанаваць памяць загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны да Вечнага агню прыйшоў сёння старшыня Мінгарвыканкама Анатоль Сівак.
Беларускія памежнікі таксама прынялі ўдзел у святочных мерапрыемствах. У Мінску кіраўніцтва Дзяржпамежкамітэта і вайскоўцы Мінскага гарнізона ўшанавалі памяць воінаў-вызваліцеляў, якія аддалі свае жыцці за свабоду і незалежнасць Беларусі. Мерапрыемства прайшло ля воінскага пахавання на бульвары Толбухіна, ля памятнага знака воінам, якія загінулі 3 ліпеня 1944 года пры вызваленні Мінска. Памежнікі таксама ўсклалі кветкі ля мемарыяльнай дошкі Герою Савецкага Саюза Андрэю Кіжватаву, начальніку пагранзаставы і ўдзельніку абароны Брэсцкай крэпасці, які гераічна загінуў у чэрвені 1941 года, ля мемарыяльнага комплексу "Курган Славы", а таксама ў месцах пахавання воінаў-вызваліцеляў Беларусі.
Да акцыі "Беларусь памятае. Памятаем кожнага" можа далучыцца любы ахвотны. Урачыстыя цырымоніі ўскладання кветак праходзяць па ўсёй краіне.