30 снежня, Бегамль /Дзіяна Курыло – БЕЛТА/. Рэспубліканская дабрачынная акцыя "Нашы дзеці" згуртоўвае людзей. Такі пункт гледжання выказаў сёння журналістам старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка пасля наведвання Бегамльскай дапаможнай школы-інтэрната для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Добра, што такія акцыі, як "Нашы дзеці", праводзяцца ў Беларусі. Мы, славяне, можа быць, не заўсёды былі моцныя эканамічна, але мы заўсёды былі моцныя тым, што падтрымлівалі слабых, прыходзілі ім на дапамогу ў цяжкую хвіліну. Важна, што ў Беларусі такія акцыі праводзяцца, яны згуртоўваюць людзей. А калі мы разам, мы здольныя выйсці з любой цяжкай жыццёвай сітуацыі. Калі прыходзім да згоды – заўсёды перамагае мудрасць", - адзначыў Уладзімір Андрэйчанка. Уладзімір Андрэйчанка прызнаўся, што пры наведванні дзіцячых дамоў у яго ўзнікае дваістае пачуццё: горыч ад таго, што гэтыя дзеці пазбаўленыя сямейнага цяпла і бацькаўскай ласкі, з другога боку, цешыць, што ў Беларусі надаецца вялікая ўвага падрастаючаму пакаленню. Старшыня Палаты прадстаўнікоў павіншаваў выхаванцаў і педагогаў школы-інтэрната з навагоднімі святамі і ўручыў ім падарункі ад імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – казачна прыгожыя скрыначкі са сладасцямі. Ад імя дэпутатаў парламента дзеці атрымалі камп'ютар з прынтарам. Раённыя ўлады падарылі ім тэлевізар. Выхаванцы інтэрната разам з настаўнікамі падрыхтавалі для гасцей касцюміраванае прадстаўленне і падарылі ім зробленыя сваімі рукамі сувеніры. У Бегамльскай школе-інтэрнаце пражываюць 107 выхаванцаў, з іх 30 – дзеці з абмежаванымі магчымасцямі.-0-

БЕЛТА