Не прапальвайце сваё жыццё!
Як паказвае практыка, часцей за ўсё агнявыя здарэнні адбываюцца ў жыллёвым фондзе, сярод прычын пераважае неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні. Каб папярэдзіць падобныя здарэнні і нагадаць грамадзянам аб наступствах гэтай згубнай звычкі, лепельскія ратавальнікі ў рамках рэспубліканскай акцыі «Не прапальвай сваё жыццё!» арганізавалі работу інтэрактыўных пляцовак на чыгуначнай і аўтастанцыях, а таксама ў крамах «Хіт» і «Санта» горада Лепеля.
Прадстаўнікі службы выратавання праводзілі прафілактычныя гутаркі з пасажырамі і пакупнікамі, стараючыся максімальна прыцягнуць увагу людзей да пытанняў забеспячэння бяспекі жыццядзейнасці, расказвалі аб мэтах і задачах акцыі, аб трагічных наступствах, да якіх можа прывесці неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні, а таксама растлумачылі патрабаванні бяспекі ў быце.
– Пераканайцеся ў тым, што патушаная цыгарэта не толькі не гарыць, але і не тлее. Не падвяргайце небяспецы сябе і тых, хто жыве з вамі побач. А каб своечасова выявіць узгаранне і пазбегнуць пажару, усталюйце ў доме аўтаномны пажарны апавяшчальнік, – параіла інспектар прапаганды.
Жыхары Лепельшчыны не толькі цікава, але і з карысцю правялі свой час. Яны даведаліся шмат новых фактаў аб паленні і яшчэ раз пераканаліся ў тым, што гэтая згубная звычка небяспечная і шкодная для здароўя.