Прафілактычная акцыя ДАІ па кантролі за бяспечнай перавозкай дзяцей "Маленькі пасажыр - вялікая адказнасць!" пройдзе ў Беларусі 18-24 жніўня, паведамілі БЕЛТА ва УДАІ МУС.

Інспектары падчас правядзення мерапрыемства нагадаюць дарослым аб правілах бяспечнай перавозкі дзяцей і адказнасці за парушэнні. Кіроўцам раскажуць аб выкарыстанні рамянёў бяспекі і дзіцячых утрымліваючых прыстасаванняў, аб прычынах і наступствах траўматызму юных пасажыраў. Супрацоўнікі ДАІ пракантралююць, наколькі аўтааматары выконваюць правілы перавозкі дзяцей і хуткасныя рэжымы. Акрамя таго, перад пачаткам навучальнага года Дзяржаўтаінспекцыя ацэніць стан школьных аўтобусаў і бяспеку іх маршрутаў, праверыць, ці ўстаранены выяўленыя раней недахопы вулічна-дарожнай сеткі каля ўстаноў адукацыі.

"Штогод у жніўні ўзрастае колькасць ДТЗ з удзелам непаўналетніх пасажыраў, што абумоўлена масавай перавозкай дзяцей з месцаў адпачынку і аздараўлення. Невыкананне пры гэтым элементарных мер бяспекі (невыкарыстанне дзіцячых утрымліваючых прыстасаванняў, рамянёў бяспекі, перавозка дзяцей да 12 гадоў на матацыклах і мапедах) прыводзіць да гібелі і траўмавання непаўналетніх", - канстатавалі ва УДАІ МУС. За сем месяцаў бягучага года на дарогах краіны ў ДТЗ загінулі 9 і атрымалі траўмы 76 дзяцей-пасажыраў. Пры гэтым 40% непаўналетніх перавозіліся з парушэннем правілаў.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)