4 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Акцыя "Заспяваем гімн разам" стала кульмінацыяй Дня Незалежнасці Беларусі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Разам з мінчанамі і гасцямі сталіцы беларускі гімн ля стэлы "Мінск - горад-герой" праспявалі кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Андрэй Кабякоў, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Аляксандр Радзькоў, віцэ-прэм'ер Анатоль Тозік, старшыня Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Мікалай Ладуцька, міністр культуры Барыс Святлоў, міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі, міністр аховы здароўя Васіль Жарко, іншыя службовыя асобы дзяржаўнага апарату.
Завяршыў святочны дзень урачысты салют, які ў 23.00 упрыгожыў неба над сталіцай, горадам-героем Мінскам, крэпасцю-героем Брэстам, гарадамі Віцебск, Гомель, Гродна і Магілёў. Усяго было дадзена 30 залпаў працягласцю 10 хвілін.
Канцэрт зорак беларускай эстрады, які пачаўся яшчэ да заходу сонца, скончыўся далёка за поўнач.
У цэлым святочны дзень прайшоў спакойна, без сур'ёзных правапарушэнняў. Масавыя гулянні, якія прайшлі больш чым на 20 пляцоўках сталіцы, сабралі шмат людзей. Толькі ўдзельнікамі і гледачамі ўрачыстага параду на праспекце Машэрава сталі каля 350 тыс. чалавек. У Мінску для аховы месцаў святочных мерапрыемстваў быў задзейнічаны ўвесь сталічны гарнізон, уключаючы ўнутраныя войскі. Ва ўзмоцненым рэжыме працавалі ратавальнікі МНС і брыгады хуткай дапамогі. Акрамя таго, бяспеку на дарогах сталіцы забяспечвала вялікая колькасць экіпажаў ДАІ.-0-