У сувязі з завяршэннем навучальнага года і пачаткам летніх канікул для прыцягнення ўвагі да бяспекі дзяцей на дарозе, павышэння пільнасці кіроўцаў і бацькоў з 25 мая па 5 чэрвеня МУС правядзе спецыяльнае комплекснае мерапрыемства "Увага - дзеці!". Пра гэта паведаміла БЕЛТА старшы інспектар па асаблівых даручэннях УДАІ МУС Ганна Банадык.
У сувязі з завяршэннем навучальнага года і пачаткам летніх канікул для прыцягнення ўвагі да бяспекі дзяцей на дарозе, павышэння пільнасці кіроўцаў і бацькоў з 25 мая па 5 чэрвеня МУС правядзе спецыяльнае комплекснае мерапрыемства "Увага - дзеці!". Пра гэта паведаміла БЕЛТА старшы інспектар па асаблівых даручэннях УДАІ МУС Ганна Банадык.
Прафілактычныя мерапрыемствы пачнуцца Адзіным днём бяспекі дарожнага руху, які пад дэвізам "Зробім лета бяспечным разам!" пройдзе 25 мая. "Дзяржаўтаінспекцыя заклікае кіроўцаў быць максімальна ўважлівымі пры руху паблізу дзіцячых устаноў, праездзе нерэгулюемых пешаходных пераходаў, прыпынкаў і асабліва ў дварах. Для папярэджання дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам непаўналетніх у дні правядзення спецмерапрыемстваў транспарт у светлы час сутак павінен рухацца з уключаным блізкім святлом фар", - адзначыла Ганна Банадык.
Супрацоўнікі органаў унутраных спраў, педагогі і бацькі аб'яднаюць намаганні па забеспячэнні бяспекі дзяцей. "Запланаваны шэраг прафілактычных мерапрыемстваў для дзяцей і падлеткаў, сярод якіх творчыя конкурсы, велаэстафеты, віктарыны, алімпіяды, сустрэчы, акцыі і многае іншае. Дзецям нагадаюць асноўныя правілы бяспечных паводзін, выкананне якіх дазволіць пазбегнуць траўм на дарогах падчас летніх канікул, - распавяла Ганна Банадык. - Асаблівая ўвага будзе сканцэнтравана на правядзенні прафілактычнай працы з бацькамі. Міліцыянеры наведаюць працоўныя калектывы і бацькоўскія сходы, растлумачаць дарослым прычыны і наступствы ДТЗ з удзелам дзяцей, нагадаюць аб правілах бяспечнай перавозкі непаўналетніх, адказнасці за парушэнні ПДР, а таксама неабходнасці асабістага прыкладу правільных і бяспечных паводзін на дарозе".
Супрацоўнікі ДАІ правядуць як прафілактычныя акцыі для дзяцей і бацькоў, так і рэйдавыя мерапрыемствы па спыненні парушэнняў Правілаў дарожнага руху. Асаблівая ўвага будзе ўдзяляцца выкананню кіроўцамі хуткаснага рэжыму, правілаў праезду пешаходных пераходаў і бяспечнай перавозкі дзяцей.
Дзяржаўтаінспекцыя просіць бацькоў паўтарыць з маленькімі і сталымі дзецьмі асноўныя правілы бяспечных паводзінаў на дарозе. "Трэба патлумачыць, як неабходна паводзіць сябе на дваровых тэрыторыях, дзе бяспечна гуляць у мяч, катацца на ровары, роліках ці самакаце. Неабходна паўтарыць яшчэ раз правілы пераходу праезнай часткі, праверыць, ці правільна дзіця іх разумее, ці ўмее выкарыстоўваць гэтыя веды ў рэальных дарожных сітуацыях", - сказала Ганна Банадык.
З пачатку бягучага года на дарогах краіны загінула 6 дзяцей, яшчэ 125 непаўналетніх атрымалі траўмы. Аналіз аварыйнасці мінулых гадоў паказвае, што характар размеркавання колькасці пацярпелых у ДТЗ дзяцей па часе года мае ярка выяўлены сезонны характар. "У сярэднім 70% атрымліваюць траўмы на дарогах з мая па кастрычнік, большая іх частка - летам, калі дзеці застаюцца без нагляду педагогаў і бацькоў. Найбольшая колькасць здарэнняў з удзелам дзяцей летам адбываецца з пятніцы па нядзелю. Менавіта ў гэтыя дні неабходна ўзмоцнена кантраляваць вольны час дзяцей і падлеткаў, выключыць магчымасць доступу да ключоў ад аўтамабіляў і матацыклаў", - падкрэсліла Ганна Банадык.