Рэспубліканская медыка-асветніцкая акцыя "Здаровае сэрца – паспяховая будучыня" пройдзе 26 мая ў Беларусі, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік дырэктара па арганізацыйна-метадычнай рабоце РНПЦ "Кардыялогія" Аляксандр Пацееў.

Рэспубліканская медыка-асветніцкая акцыя "Здаровае сэрца – паспяховая будучыня" пройдзе 26 мая ў Беларусі, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік дырэктара па арганізацыйна-метадычнай рабоце РНПЦ "Кардыялогія" Аляксандр Пацееў.

Пункты здароўя разгорнуцца ў бальніцах, паліклініках, ФАПах, іншых медустановах, аптэках, а таксама ў некаторых гандлёвых дамах, гіпермаркетах, крамах і буйных прамысловых прадпрыемствах. Кожны ахвотны можа вымераць артэрыяльны ціск, даведацца свой рост, вагу, індэкс масы цела, атрымаць кансультацыю па фарміраванні здаровага ладу жыцця, правільным харчаванні. Пры выяўленні захворванняў сэрца і сасудаў удзельнікі акцыі атрымаюць накіраванне на дадатковае абследаванне ў паліклінікі.

У абласных і Мінскім гарадскім кардыялагічных дыспансерах і цэнтрах, цэнтральных паліклініках з 9.00 да 21.00 будзе арганізавана праца гарачых тэлефонных ліній, падчас якіх усе ахвотныя могуць атрымаць кваліфікаваную кансультацыю кардыёлагаў, супрацоўнікаў кафедраў Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі і Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

"Кожны год мы арганізуем і праводзім 2-3 падобныя акцыі. Па вопыце папярэдніх акцый, у іх прымаюць удзел ад 60 да 130 тыс. грамадзян, з якіх каля 60% прыпадае на жанчын, - сказаў Аляксандр Пацееў. - Прыкладна 5-7% пацыентаў, якія звяртаюцца да нас падчас акцыі, упершыню даведваюцца, што ў іх павышаны артэрыяльны ціск і неабходна правядзенне даабследавання і лячэнне, а 2-3% пацыентаў патрабуецца аказанне экстранай медыцынскай дапамогі і ў шэрагу выпадкаў - шпіталізацыя з нагоды гіпертанічных крызаў".

Мэта акцыі - павышэнне матывацыі да захавання здаровага ладу жыцця, своечасовага выяўлення і лячэння хвароб сістэмы кровазвароту, фарміраванне каштоўнасных установак на захаванне і ўмацаванне здароўя.