23 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Акцыянернымі таварыствамі ў 2011 годзе сталі 11 дзяржаўных прадпрыемстваў на тэрыторыі Віцебскай вобласці, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар Віцебскага абласнога тэрытарыяльнага фонду дзяржаўнай маёмасці "Віцебскаблмаёмасць" Міхаіл Паўлючкоў. Трансфармацыю шляхам акцыянавання прайшлі восем прадпрыемстваў рэспубліканскай формы ўласнасці, адно - абласной камунальнай уласнасці і два - уласнасці адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак. Адкрытымі акцыянернымі таварыствамі ў тым ліку сталі "Наваполацкжалезабетон", "Аршанскі доследны механічны завод "Металіст", "Вітрэмбыт". Як лічыць Міхаіл Паўлючкоў, акцыянаванне дзяржаўных прадпрыемстваў дазволіць ім больш інтэнсіўна развівацца і прыцягнуць староннія інвестыцыйныя рэсурсы. На праведзеных у 2011 годзе аўкцыёнах прададзены акцыі ААТ "Віцебсклес" і "Вікко" на суму Br17,9 млрд. Расійскі інвестар ТАА "Валдзіс" набыў дзяржпакет акцый ААТ "Лепельпрамшвеймабель" больш чым за Br3 млрд. Інвестарам таксама прададзены пакеты акцый ААТ "Аршанскі авіярамонтны завод" у адпаведнасці з распараджэннем Прэзідэнта Беларусі ад 30 снежня 2011 года №335рп. У 2012 годзе ў вобласці запланавана пераўтварыць у ААТ 20 прадпрыемстваў камунальнай уласнасці, тры - рэспубліканскай. Акрамя таго, у гаспадарчы абарот будзе ўключана 640 невыкарыстоўваных будынкаў і збудаванняў.-0-

БЕЛТА