Акцыянеры просяць рэструктурызаваць запазычанасці "КІМ" па плацяжах у бюджэт
14.12.20110 праглядаў
14 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Збор акцыянераў адкрытага акцыянернага таварыства "КІМ" сёння даручыў дырэкцыі таварыства звярнуцца ў канцэрн "Беллегпрам" за рэструктурызацыяй запазычанасці "КІМ" па плацяжах у рэспубліканскі і мясцовыя бюджэты. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла старшыня Назіральнага савета ААТ Ірына Арлова.
Як патлумачыла Ірына Арлова, фінансава-эканамічныя цяжкасці прадпрыемства адчувае з 2001 года. У 2010 годзе ў сувязі са значным ростам цэн на асноўную сыравіну для вытворчасці - баваўняную пражу - і павелічэннем тарыфаў на спажываныя энергетычныя рэсурсы эканамічная сітуацыя на прадпрыемстве абвастрылася. З чацвёртага квартала 2010 года пачалі зніжацца аб'ёмы вытворчасці, што прывяло да стратнасці. Прадпрыемства адчувае вострую нястачу абаротных сродкаў, што не дазваляе праводзіць тэхнічнае пераўзбраенне, закупляць сыравіну і вымушае "КІМ" працаваць па давальніцкіх заказах. У цяперашні час крэдыторская запазычанасць перавышае Br50 млрд., з якой 43,5% - пратэрмінаваная.
Старшыня назіральнага савета лічыць, што прадпрыемства пры ўмове аказання яму дзяржаўнай падтрымкі зможа стабілізаваць эканамічную сітуацыю. Так, ужо ў верасні бягучага года аб'ёмы вытворчасці панчошна-шкарпэткавых вырабаў у параўнанні з сярэднямесячнымі аб'ёмамі вытворчасці за папярэднія пяць месяцаў павялічыліся ў 1,8 раза, у лістападзе - у 2,5 раза, выпуск трыкатажных вырабаў узрос на 20%.
Рэструктурызацыя наяўнай запазычанасці з'яўляецца адной з мер па стабілізацыі фінансава-эканамічнага стану ААТ "КІМ", распрацаваных рабочай групай пры Віцебскім аблвыканкаме. У яе склад увайшлі прадстаўнікі канцэрна "Беллегпрам", Віцебскага аблвыканкама, гарвыканкама, дырэкцыі прадпрыемства. Сітуацыя на прадпрыемстве знаходзіцца пад кантролем памочніка Прэзідэнта Беларусі - галоўнага інспектара па Віцебскай вобласці Мікалая Дамашкевіча.
У гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА Мікалай Дамашкевіч падкрэсліў, што вывад прадпрыемства з крызіснай сітуацыі з'яўляецца першачарговай задачай мясцовых улад і канцэрна "Беллегпрам". "Недапушчальная стратнасць дзяржаўнага прадпрыемства, якое можа прыносіць прыбытак і забяспечвае працай каля 1,3 тыс. чалавек. "КІМ" умее і хоча працаваць" - падкрэсліў галоўны інспектар.
На дадзены момант прадпрыемствы канцэрна "Беллегпрам" пачалі пастаўкі сыравіны ў ААТ "КІМ" з адтэрміноўкай плацяжу. Крэдыторы прыпынілі спагнанне даўгоў пры ўмове пагашэння бягучых плацяжоў. Прадпрыемства прымае меры па спагнанні дэбіторскай запазычанасці, якая ацэньваецца ў Br9,6 млрд., пры гэтым спецыялістам юрыдычнай службы аказваюць дапамогу Гаспадарчы суд Віцебскай вобласці і пракуратура. Гандлёвыя прадпрыемствы Віцебскай вобласці падключыліся да рэалізацыі складскіх запасаў і ў снежні маюць намер закупіць у акцыянернага таварыства прадукцыі на Br1 млрд. Заказы на вытворчасць бялізны для дзіцячых дамоў і дамоў-інтэрнатаў размясцілі камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва і ўпраўленне адукацыі. Віцебскі гарвыканкам мае намер у снежні вылучыць ААТ "КІМ" бюджэтную пазыку на набыццё сыравіны і матэрыялаў.
На думку Мікалая Дамашкевіча, вострай праблемай для прадпрыемства з'яўляецца дэфіцыт кваліфікаваных кадраў, выкліканы нізкім узроўнем заработнай платы. У сувязі з гэтым прымаюцца меры па павышэнні тарыфных ставак рабочых і высокакваліфікаваных спецыялістаў, замацаванню маладых спецыялістаў. "Будзем аказваць дапамогу ўсім мірам, а дырэкцыі неабходна мабілізаваць калектыў, расказаць, якую падтрымку прадпрыемству аказвае дзяржава", - лічыць галоўны інспектар.
Па выніках працы за студзень-лістапад у ААТ "КІМ" выпушчана 8,2 млн. пар панчошна-шкарпэткавых вырабаў, што складае 47% да аналагічнага перыяду 2010 года, вытворчасць трыкатажных вырабаў да студзеня-лістапада мінулага года склала 77%. Экспартавана прадукцыі на $7,7 млн., (90%). Рэнтабельнасць продажаў па выніках дзесяці месяцаў - мінус 17,7%. Страты ад рэалізацыі ацэньваюцца ў Br7,2 млрд.
Прадпрыемства было заснавана ў 1931 годзе, ператворана ў ААТ у 1994 годзе. Дзяржаўнаму камітэту па маёмасці належыць 86,8% акцый у статутным фондзе ААТ "КІМ", Віцебскаму абласному тэрытарыяльнаму фонду дзяржмаёмасці - 12,5% акцый, Віцебскаму гарвыканкаму - 0,4%, астатнія знаходзяцца ў уласнасці фізічных асоб і іншых юрыдычных асоб. На прадпрыемстве працуюць 1,3 тыс. чалавек. "КІМ" вырабляе шырокі асартымент бялізнавых і панчошна-шкарпэткавых вырабаў для дарослых і дзяцей. Прадпрыемства распрацавала і асвоіла тэхналогіі вытворчасці трыкатажных вырабаў з віскозна-поліэфірнай бавоўна-поліэфірнай і віскознай ніткі з укладаннем эластана. Асвоен выпуск панчошна-шкарпэткавых вырабаў і круглавязальнага палатна з ільназмяшчальнай пражы.-0-
БЕЛТА