11 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Альбом "Радзівілы. Альбом партрэтаў XVIII-XIX стст." выдавецтва Беларускай энцыклапедыі імя Петруся Броўкі будзе перавыдадзены. Пра гэта паведаміла, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, дырэктар выдавецтва Таццяна Белава.
"Рашэнне аб перавыданні альбома Радзівілаў цяпер прымаецца на ўзроўні Міністэрства інфармацыі. Яно звязана з тым, што гэта рарытэтнае выданне ўжо само стала рарытэтам", - сказала Таццяна Белава.
"Радзівілы. Альбом партрэтаў XVIII-XIX стст.", які адкрыў серыю "Энцыклапедыя рарытэтаў" (заснавана ў 2010 годзе), паўтарае ўнікальны помнік беларускай культуры - альбом Радзівілаў XVIII стагоддзя. Кніга стала лаўрэатам прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне" 2010 года і ўладальнікам Гран-пры VIII Міжнароднага конкурсу "Мастацтва кнігі" дзяржаў - удзельніц СНД. Яе тыраж склаў 2 тыс. экзэмпляраў. Плануецца, што паўторнае выданне альбома выйдзе такім жа тыражом.
Альбом партрэтаў Радзівілаў быў прэзентаваны сёння ў Віцебскай абласной бібліятэцы імя Леніна шырокай грамадскасці ў межах Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Супрацоўнікі выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі" прадставілі таксама іншыя выданні дадзенай серыі: фотаальбом факсімільных акварэльных замалёвак "Дзмітрый Структоў. Альбом малюнкаў. 1864-1867" (2011 год), які стаў уладальнікам Гран-пры ІХ Міжнароднага конкурсу "Мастацтва кнігі" дзяржаў - удзельніц СНД; трэці альбом "Жывая вера. Ветка", які выйшаў у лютым 2012 года, удастоены дыплома I ступені ў намінацыі "Садружнасць" на IX Міжнародным конкурсе дзяржаў - удзельніц СНД "Мастацтва кнігі", а таксама новы праект, прысвечаны 1150-годдзю беларускай дзяржаўнасці, "Полацк. 1150". "Тыраж апошняга выдання склаў 2,5 тыс. экзэмпляраў. Фактычна 1,5 тыс. ужо пайшлі на Віцебшчыну, а тысяча, якая засталася, пойдзе ў бібліятэкі і гандлёвую сетку краіны", - адзначыла Таццяна Белава.
"Кожнай кнігай, кожным рарытэтам мы ствараем энцыклапедыю нашай гісторыі, таму што ў Беларусі ёсць пра што расказаць, ёсць вялікая гісторыя вялікага народа", - падкрэсліла на прэзентацыі дырэктар выдавецтва.-0-
БЕЛТА
Альбом партрэтаў Радзівілаў выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі" будзе перавыдадзены
11.7.20120 праглядаў