10 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Алена Ланская прадставіць Беларусь на "Еўрабачанні-2013" у Швецыі. Гэта стала вядома па выніках нацыянальнага адборачнага тура міжнароднага песеннага конкурсу, які адбыўся ў Белтэлерадыёкампаніі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. Аўтарства кампазіцыі Алены Ланской "Rhythm of love" ("Рытм любові") належыць Леаніду Шырыну, Юрыю Вашчуку (музыка) і Аляксею Шырыну (словы). Песня запісвалася ў Лондане. У нумары Алены задзейнічаны шоў-балет Trend Deluxe, удзельнікі якога зняліся ў кліпе на яе песню "Адзінокія сэрцы". У якасці спецыяльнай узнагароды Алена атрымала стылізаванае еўравізійнае сэрца. Прыз па замове Белтэлерадыёкампаніі вырабіў шклозавод "Нёман". Трыумфатар адбору вызначыўся па традыцыйнай формуле згодна з правіламі конкурсу "Еўрабачанне" - па выніках гледацкага галасавання і ацэнак журы. Прафесійнае журы нацыянальнага адборачнага тура ўзначаліў старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька. У судзейскую калегію ўвайшлі дзеячы культуры і мастацтваў, кампазітары, музыкі, прадзюсары, прадстаўнікі тэле- і радыёіндустрыі, журналісты. Заслужаная артыстка Беларусі Алена Ланская нарадзілася 7 верасня 1985 года ў Магілёве. Яна лаўрэат музычных конкурсаў "Сарандэў-2008" (Балгарыя) і "Кубак Еўропы-2009" (Расія); пераможца Міжнароднага конкурсу маладых выканаўцаў папулярнай музыкі Atlantic Breeze-2010; лаўрэат конкурсу маладых музыкантаў "Маладыя таленты Беларусі" (Першы нацыянальны канал Беларускага радыё); лаўрэат I ступені конкурсу маладых выканаўцаў моладзевай песні V Міжнароднага фестывалю "Моладзь - за Саюзную дзяржаву" (Расія). У ліпені 2011 года на конкурсе маладых выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2011", які праходзіць падчас міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", Алена заваявала Гран-пры. Выканаўца скончыла Магілёўскі фінансава-эканамічны прафесійна-тэхнічны каледж па спецыяльнасці "банкаўская справа", а таксама магілёўскі Беларуска-Расійскі ўніверсітэт, дзе асвоіла спецыяльнасць "фінансы і крэдыт".