30 красавіка, Мінск /Таццяна Пастушэнка - БЕЛТА/. Алёна Ланская прадставіць Беларусь на міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2011", які пройдзе падчас XX Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла піяр-менеджар маладой выканаўцы Юлія Палтаўская. Паводле яе слоў, заяўку для ўдзелу ў конкурсе Алёна падатвала ў шосты раз. На праслухоўванні артыстка выканала песні Уладзіміра Кандрусевіча на вершы Вольгі Болдыравай "Белая ластаўка", а таксама "Споведзь кахання" украінскіх аўтараў Сашкі Нэўжэ і Мікалая Аршэка. Экспертная група і прафесійнае журы, сфарміраванае з вядучых спецыялістаў у галіне музычнага эстраднага мастацтва, вядомых дзеячаў культуры і мастацтва, двойчы ацэньвалі вакальныя даныя патэнцыйных удзельнікаў "Віцебска-2011". У першым праслухоўванні акрамя Алёны ўдзельнічалі Іван Буслай, Юлія Быкава, Саша Салавейчык, Дзяніс Ліс, Мікалай Волегаў, Канстанцін Гарошка, Глеб Жабка, Яўген Слуцкі, Вольга Шылухіна. Перавагу судзейская калегія вырашыла аддаць Алёне Ланской і Яўгену Слуцкаму. Пасля паўторнага праслухоўвання члены журы ў ліку Ірыны Дарафеевай, Васіля Раінчыка, Аляксандра Ціхановіча, Эдуарда Зарыцкага, Сяргея Сухамліна, Алега Елісеенкава, а таксама прадстаўнікоў Міністэрства культуры Беларусі зрабілі канчатковы выбар на карысць Алёны Ланской. Алёна Ланская - адна з самых тытулаваных спявачак на беларускай сцэне. Яна з'яўляецца трыумфатарам міжнароднага конкурсу маладых выканаўцаў папулярнай музыкі "Atlantic Breeze-2010" (ЗША); уладальнікам першых прэмій Еўрапейскага музычнага конкурсу "Сарандэў-2008" (Балгарыя), міжнароднага конкурсу "Кубак Еўропы-2009" (Расія), міжнароднага фестывалю мастацтваў "Спеваграй-2010" (Украіна). Алёна таксама з'яўляецца лаўрэатам конкурсу маладых музыкантаў "Маладыя таленты Беларусі" (праводзіў Першы нацыянальны канал Беларускага радыё), лаўрэатам I ступені конкурсу маладых выканаўцаў моладзевай песні V Міжнароднага фестывалю "Моладзь - за Саюзную дзяржаву" (Расія). У 2010 годзе выйшаў у свет першы сольны альбом Алёны Ланской "Лабірынты лёсу", у які ўвайшлі песні на рускай, беларускай і англійскай мовах.-0-

БЕЛТА