8 мая, Віцебск /Алена Ціханава – БЕЛТА/. Алею ў гонар Вялікай Перамогі закладуць сёння ў аграгарадку Ноўка Віцебскага раёна, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім райвыканкаме.
Каля мясцовага дома культуры плануецца пасадзіць 25 дрэў у гонар ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, жыццёвы шлях якіх быў звязаны з Віцебскім раёнам. Імёны герояў будуць напісаны на шыльдачках, якія затым прымацуюць да кожнага дрэва. У закладцы алеі возьмуць удзел школьнікі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, органаў улады, мясцовых прадпрыемстваў і ветэраны Вялікай Айчыннай вайны.
"Гэта мерапрыемства мае важнае патрыятычнае значэнне. На тэрыторыі Наўкінскага сельскага Савета ў цяперашні час пражываюць 9 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Усе яны запрошаны на закладку алеі. У падрастаючага пакалення будзе магчымасць пагутарыць з салдатамі Перамогі, якіх, на жаль, з кожным годам становіцца ўсё менш. Такія сустрэчы запамінаюцца надоўга. А іменныя дрэвы будуць нагадваць новым пакаленням беларусаў аб несмяротным подзвігу іх дзядоў", - падкрэслілі ў райвыканкаме.
Закладка алеі стане цэнтральнай падзеяй сённяшніх святочных мерапрыемстваў у Віцебскім раёне. У праграме таксама мітынг і святочны канцэрт з удзелам самадзейных калектываў.-0-