22 мая, Гродна /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на неабходнасці вырашэння праблем кадравага забеспячэння ў Гродзенскай вобласці. Пра гэта ішла размова сёння на нарадзе кіраўніка дзяржавы з актывам рэгіёна, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, маштабныя задачы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны нельга вырашыць без сучаснага кадравага корпуса. Таму асаблівае значэнне набывае задача павышэння якасці і эфектыўнасці кіраўніцкай дзейнасці ва ўсіх яе звёнах. "На жаль, практыка паказвае, што на Гродзеншчыне ў асобных сферах абвастраюцца праблемы з кадравым забеспячэннем. Нягледзячы на наяўнасць рэзерву, аблвыканкам больш за год не мог падабраць старшыню Зэльвенскага райвыканкама, каля паўгода была вакантная пасада першага намесніка старшыні - начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Карэліцкага райвыканкама, 8 месяцаў - пасада намесніка старшыні Свіслацкага райвыканкама", - прывёў прыклад кіраўнік дзяржавы. Кадравы голад, працягнуў ён, адчувае і аграпрамысловы комплекс. Сёння вобласці патрэбны больш за 60 галоўных спецыялістаў і амаль паўтысячы спецыялістаў сельскай гаспадаркі. Не лепшым чынам ідуць справы і з забеспячэннем кадрамі медыцынскіх устаноў вобласці, дзе не запоўнены 382 вакансіі ўрачоў і 420 - сярэдніх медыцынскіх работнікаў. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што нядаўна наведаў Магілёўшчыну і Гомельшчыну, дзе абазначыў праблему маладых спецыялістаў. "Паўтаруся яшчэ раз: ніводзін малады спецыяліст не павінен з'ехаць з рэгіёна, не адпрацаваўшы належны тэрмін. Кожны з іх павінен знаходзіцца на асабістым кантролі ў губернатара", - сказаў Прэзідэнт, назваўшы не нармальнай сітуацыю, калі дзяржава траціць велізарныя сродкі на падрыхтоўку спецыялістаў, якія потым не адпрацоўваюць доўг перад краінай.