28 кастрычніка, Душанбэ /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Беларусь і Таджыкістан сур'ёзна настроены на пашырэнне двухбаковых сувязей. Аб гэтым заявіў сёння на перамовах з Прэзідэнтам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам у пашыраным складзе Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Сённяшняя сустрэча азнаменавала сабой новую веху ў гісторыі беларуска-таджыкскіх адносін. Мы сур'ёзна настроены на пашырэнне нашых сувязей", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Як адзначыў Прэзідэнт Беларусі, нягледзячы на геаграфічную аддаленасць, народы дзвюх краін не адно дзесяцігоддзе аб'ядноўвае цеснае супрацоўніцтва і ўзаемадапамога. "Таджыкістан для нас - важны партнёр у Цэнтральнай Азіі. Пацвярджэннем гэтаму з'яўляецца цяперашні візіт і грунтоўная зацікаўленая размова, якая адбылася з Эмамалі Рахмонам", - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Паводле яго слоў, у эпоху глабальнай палітычнай нестабільнасці і сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу абедзве краіны ідуць па шляху ўмацавання дзяржаўнасці, упэўненага сацыяльна-эканамічнага развіцця. Разуменне жыццёва важных нацыянальных інтарэсаў і настойлівае імкненне адстойваць іх на міжнароднай арэне з'яўляюцца непахіснымі прынцыпамі, якія збліжаюць Беларусь і Таджыкістан, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Плануецца, што ў ходзе перамоваў бакі абмяркуюць шырокі спектр пытанняў і напрамкаў, якія павінны вызначыць перспектывы ўзаемавыгаднага беларуска-таджыкскага супрацоўніцтва, у першую чаргу ў гандлёва-эканамічнай сферы. Гэта ў тым ліку пытанні паставак беларускай большгрузнай і кар'ернай тэхнікі для працы на будаўнічых пляцоўках гідраэнергетычных аб'ектаў і горназдабыўной галіны Таджыкістана, нарошчванне экспарту беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі з мэтай развіцця аграпрамысловага сектара Таджыкістана. Акрамя таго, абмяркоўваецца ўдзел беларускіх будаўнічых і праектных кампаній у праектаванні і будаўніцтве буйных інфраструктурных праектаў у Таджыкістане, перспектыва абмену беларускім вопытам у мадэрнізацыі вытворчага комплексу, абмену ведамі і дасягненнямі ў галіне аграрнай навукі, будаўніцтва сельскагаспадарчых комплексаў і аграгарадкоў, стварэння транспартных камунікацый, пытанні гуманітарнага супрацоўніцтва.-0-
БЕЛТА
А. Лукашэнка: Беларусь і Таджыкістан сур'ёзна настроены на пашырэнне двухбаковых сувязей
28.10.20110 праглядаў