А. Лукашэнка: Беларусь адбылася як незалежная дзяржава
22.6.20120 праглядаў
22 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь адбылася як незалежная дзяржава. Гэты факт канстатаваў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з маладымі палітолагамі ў Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Атрымаўшы ў пачатку 1990-х гадоў шанец, мы выкарысталі яго споўна. Усяго за два дзесяцігоддзі - нікчэмны па мерках гісторыі міг, адчуваючы часам неверагодны ціск звонку, мы стварылі, па сутнасці, новую еўрапейскую краіну", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
"Наша маладое дзяржава паказала, што нават невялікая краіна можа прымусіць сябе паважаць і праводзіць незалежны знешнепалітычны курс", - сказаў Прэзідэнт.
"Вы бачыце, якое цяпер стаўленне да нас з боку Захаду, ды і на Усходзе не заўсёды нас разумеюць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, "прычына не ў тым, што ў нас не той рэжым, не той прэзідэнт ці яшчэ нешта не тое". "Я не хачу праводзіць паралелі, але з некаторымі рэжымамі яны паспяхова супрацоўнічаюць, таму што там нафта, грошы і гэтак далей. Падумаеш, нейкая невялікая краіна ў цэнтры Еўропы вырашыла стаць незалежнай. Ад каго? Ад Расіі, Польшчы ці Літвы, у складзе якіх мы заўсёды былі?" - адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што незалежная Беларусь адбылася. "І з гэтым трэба згаджацца. Рана ці позна з гэтым давядзецца згадзіцца", - лічыць кіраўнік дзяржавы.
"Наша мэта - стварыць дзяржаву, якой будуць ганарыцца не толькі нашы дзеці, але і мы", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што беларусы ішлі да незалежнасці вельмі доўгім і цяжкім шляхам. "На працягу стагоддзяў нашы землі пераходзілі з адных дзяржаў у іншыя, а беларусы падвяргаліся і палітычнаму, і эканамічнаму, і культурнаму прыгнёту. Усё гэта было ў нашай гісторыі", - адзначыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што павагі вартыя незвычайная жыццястойкасць і воля беларусаў, якія здолелі пранесці праз стагоддзі імкненне да дзяржаўнасці і дамагчыся пастаўленай мэты.
"Старэйшае пакаленне не забыла Беларусь узору ліхіх 90-х, калі абвалілася эканоміка, калі навідавоку быў параліч улады, беспрацоўе і галеча, і мы балансавалі на краі прорвы. Напэўна, Гасподзь нас выратаваў. Мы пачалі шукаць выйсце, у тым ліку і палітычнае", - нагадаў кіраўнік дзяржавы.
"Я памятаю тыя часы, калі мы фарміравалі Канстытуцыю і ўводзілі пост прэзідэнта краіны - прэзідэнта "урэзанага", як хацелася многім групам, асабліва эліце. Усе хацелі слабога прэзідэнта, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Прэзідэнта выбралі, і мне давялося мадэрнізаваць Канстытуцыю, дзе прэзідэнт павінен быць прэзідэнтам, каб выцягнуць краіну з прорвы, у якой яна тады знаходзілася". "На шчасце, мне давялося быць прэзідэнтам таго перыяду, калі мы выцягвалі краіну проста за вушы з той твані, у якую мы трапілі", - дадаў ён.
Прэзідэнт канстатаваў, што ў краіне была створана палітычная сістэма, у ёй не адмовіліся ад планавання і прагназавання, створана выканаўчая вертыкаль улады, сфарміраваны парламент.
"Не хачу гаварыць аб асаблівасцях, некаторыя называюць гэта феноменам развіцця нашай краіны. Давайце не будзем занадта сябе узвялічваць. Будзем гаварыць аб тым, што мы развіваліся сваім асаблівым шляхам. Правільна мы рабілі ці не, а мы лічым, што правільна, і я таксама так лічу, але гэта меркаванне сучаснікаў. А нас ацэняць пакаленні, якія прыйдуць пасля нас. Яны нам дадуць ацэнку: правільна мы дзейнічалі ці не", - адзначыў кіраўнік дзяржавы. "Але калі ёсць паляпшэнні, значыць, гэта адзін з тых шляхоў, па якім мы павінны былі прайсці", - дадаў Прэзідэнт.-0-
БЕЛТА