10 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь заўсёды разлічвала на актыўную падтрымку і дапамогу Каталіцкай царквы. Пра гэта 10 красавіка заявіў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Апостальскім нунцыем у Беларусі Клаўдзіа Гуджэроці, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
"Ведаючы тое, што вы паедзеце ў Святы Прастол, я хачу праз вас перадаць самыя цёплыя і добрыя словы, віншаванні ( са святам Святой Пасхі) Папу Бенедыкту XVI. Я з асаблівай цеплынёй успамінаю нашу сустрэчу, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта вельмі актуальна - тое, пра што я кажу, асабліва цяпер, таму што я сачу за сродкамі масавай інфармацыі як унутры Беларусі, так і за межамі нашай краіны. Некаторым хочацца ўбіць клін і ў нашы адносіны з Папам Рымскім. Павінен сказаць, што не атрымаецца. Мы ўзялі курс на супрацоўніцтва з Каталіцкай царквой. Мы вельмі шмат зрабілі разам з вамі ва ўзаемаадносінах дзяржавы і Каталіцкай царквы".
"І ўсе тыя планы, якія мы намячалі, размаўляючы з Папам Рымскім, мы практычна рэалізавалі. Застаўся адзін крок. Ідзе падрыхтоўка пагаднення. І мы поўныя рашучасці яго рэалізаваць", - сказаў Прэзідэнт.
"Яшчэ раз хачу падкрэсліць, што мы заўсёды разлічвалі на актыўную падтрымку і дапамогу Каталіцкай царквы. І я бачу, як адрэагавалі некаторыя СМІ, асабліва ў Польшчы і іншых дзяржавах, на ўчарашнюю маю просьбу аб тым, што Каталіцкая царква павінна больш актыўна абараняць інтарэсы сотняў тысяч католікаў, якія тут жывуць. Некаторыя гэта ўспрынялі як нейкі дакор Прэзідэнта ў адрас Папы Рымскага. Паверце, я нікога не хацеў дакараць і нават не хацеў ні патрабаваць, ні прасіць, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Я ведаю, што Папа Рымскі, добра разбіраючыся ў палітыцы, ведае, што адбываецца на тэрыторыі Беларусі, і выдатна разумее, што тыя тысячы католікаў, якія жывуць тут, маюць патрэбу ў яго штодзённай падтрымцы і абароне. Я хачу, каб вы і Папа Рымскі ведалі, што Прэзідэнт Беларусі і ўся беларуская ўлада будзе прытрымлівацца таго ж курса, пра які мы дамовіліся"."У нас дарога ў храм кожнаму чалавеку адкрыта. Мы сёння далі магчымасць і праваслаўным, і каталікам, і іншым канфесіям будаваць столькі храмаў, колькі трэба людзям, якія жывуць у Беларусі. Мы ў гэтым напрамку будзем вырашаць усе пытанні. Гэта сутнасць нашай палітыкі. І ніякіх тут патрабаванняў абсалютна няма. Але калі Каталіцкая царква будзе на абароне інтарэсаў справядлівасці, мы заўсёды агульную мову з каталікамі і з Каталіцкай царквой знойдзем. Гэта галоўны наш постулат. Усё павінна быць справядліва", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"Я думаю, што недалёкі той дзень, калі і Папа Рымскі зможа сустрэцца ў Беларусі са сваімі прыхільнікамі. Мы будзем рады бачыць яго. Мы ў гэтым напрамку павінны працаваць і з нашым патрыярхам. Мы вядзём гэту працу. Думаю, мы тут можам выбудаваць добрыя схемы і правесці добрыя мерапрыемствы, якія паслужаць умацаванню не толькі каталіцтва, але і ўсёй паствы, і праваслаўнай, і каталіцкай, і іншых на тэрыторыі Беларусі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
У сваю чаргу Клаўдзіа Гуджэроці запэўніў Прэзідэнта, што "Папа Рымскі мае глыбокую любоў і прыхільнасць у адносінах да Беларусі". "Вельмі рады таму, што вы ведаеце пра тую штодзённую працу, якую мы ажыццяўляем па прасоўванні міру, справядлівасці і кантактаў", - адзначыў ён.-0-
БЕЛТА
А. Лукашэнка: Беларусь заўсёды разлічвала на актыўную падтрымку і дапамогу Каталіцкай царквы
10.4.20120 праглядаў