24 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь чакае канкрэтных крокаў ад Захаду, якія будуць спрыяць нармалізацыі адносін. Аб гэтым 24 мая заявіў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, прымаючы з дакладам міністра замежных спраў Сяргея Мартынава, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара. Прэзідэнт папрасіў Сяргея Мартынава далажыць аб сітуацыі на еўрапейскім напрамку. "Я ўсё больш чую заяў аб тым, што еўрапейскія дыпламаты тут чакаюць нейкай амністыі, зноў узнімаючы размову па палітвязнях і гэтак далей, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Я адразу хачу публічна сказаць, што да гэтай тэмы я больш не вяртаюся. Я ўсё сказаў публічна і раней у Пасланні беларускаму народу і парламенту. Сваю пазіцыю я не бачу падстаў на дадзены момант мяняць". "Мы чакаем канкрэтных крокаў ад Захаду, Еўрапейскага саюза. Мяч на іх баку. Гэта маё цвёрдае перакананне. Таму чакаць зноў гэтай гульні на старых інструментах па старых нотах я не збіраюся", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі. Кіраўнік дзяржавы даў даручэнні аб тым курсе, якім Беларусь павінна ісці для нармалізацыі адносін з заходнімі партнёрамі пры няўхільным захаванні нацыянальных інтарэсаў, а таксама зыходзячы з мэт нармальнага і прадуктыўнага ўзаемадзеяння.-0-

БЕЛТА