20 ліпеня, Паставы /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў Віцебскай вобласці адзін год для выхаду сельскай гаспадаркі на рэнтабельную працу. Такі задачу кіраўнік дзяржавы паставіў сёння падчас рабочай паездкі ў дадзены рэгіён, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Барахтаешся апошні год. У наступным годзе: ёсць рэнтабельнасць - маеш рацыю, няма - адказвай", - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да губернатара вобласці Аляксандра Касінца. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Віцебская вобласць павінна вызначыцца з аптымальнымі для вырошчвання ў гэтым рэгіёне сельгаскультур. На думку Аляксандра Лукашэнкі, кіраўнікі гаспадарак ведаюць, якія з сельгаскультур даюць максімальную аддачу на іх землях. На гэту інфармацыю павінны арыентавацца губернатары, а не даводзіць зверху планы па вырошчванні той ці іншай культуры. "А то, калі зверху ідзе ўстаноўка атрымаць 2 млн.т, гэта будзе мінус 20% рэнтабельнасці, а потым усё гэта закладуць у птушку, свініну і наогул ніякай рэнтабельнасці", - растлумачыў Прэзідэнт. "Збожжавыя культуры трэба сеяць з розумам. Я лічу, што тут, на поўначы краіны, адзінкавыя палі, дзе можна сеяць збожжавыя і рэнтабельна атрымліваць ураджай", - сказаў кіраўнік дзяржавы. "Навошта вырошчваць нерэнтабельныя культуры?" - дадаў ён. Аляксандр Лукашэнка закрануў таксама і пытанне выпасу жывёлы ў поймах. На яго думку, у Віцебскай вобласці гэтаму ўдзяляецца недастаткова ўвагі. "Віцебская вобласць сёння ў хвасце ў гэтым плане. Пралятаючы, я не бачыў ніводнага статка, які пасвіцца ў пойме, аб чым мы дамаўляліся. Прыпяць побач не стаяла з гэтымі ўгоддзямі", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што перспектывай гэтага рэгіёна з'яўляецца вытворчасць ялавічыны, упор жа на іншыя віды ў жывёлагадоўлі не дасць належнай аддачы і ў асноўным будзе стратным без дзяржпадтрымкі. Акрамя таго, Прэзідэнт звярнуў увагу на слабое прымяненне ў Віцебскай вобласці інтэнсіўных тэхналогій вырошчвання культур. Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Міхаіл Русый далажыў кіраўніку дзяржавы аб пачатку і асаблівасцях уборкі ўраджаю збожжавых як у цэлым па краіне, так і Віцебскай вобласці і ў прыватнасці ў Пастаўскім раёне. Паводле яго слоў, на сённяшні дзень да ўборкі збожжавых прыступілі ўсе вобласці. Да правядзення ўборачнай кампаніі гатова і ўжо выведзена на палі тэхніка, падрыхтаваны збожжасушыльныя комплексы. Аляксандр Лукашэнка даручыў актыўней пачынаць уборку збожжавых, пакуль гэтаму спрыяе надвор'е.