8 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка да 18 чэрвеня прыме рашэнне аб даце правядзення парламенцкіх выбараў. Тэрміны правядзення і падрыхтоўка да выбарчай кампаніі абмяркоўваліся 8 чэрвеня падчас рабочай сустрэчы кіраўніка дзяржавы са старшынёй Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзіяй Ярмошынай, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара. Кіраўніку дзяржавы былі прадстаўлены прапановы па тэрмінах выбарчай кампаніі і даце прызначэння выбараў. Як адзначыла Лідзія Ярмошына, паводле заканадаўства выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу павінны прайсці не пазней за 23 верасня, а выбары членаў Савета Рэспублікі павінны адбыцца да 30 верасня. Пры гэтым калі выбары ў Палату прадстаўнікоў пройдуць у адзін дзень і будуць адзінымі па ўсёй краіне, то члены Савета Рэспублікі абіраюцца дэпутатамі мясцовых саветаў у абласцях, а таму іх выбары могуць адбыцца ў розныя дні. У бліжэйшы час Прэзідэнту для разгляду паступяць праекты указаў аб прызначэнні выбараў. Пачатак выбарчай кампаніі азнаменуецца правядзеннем нарады, на якую будуць запрошаны кіраўнікі рэгіёнаў Беларусі, а таксама тых дзяржаўных органаў, якія датычныя да правядзення выбараў. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў Пасланні беларускаму народу і парламенту ўжо выказваў сваё меркаванне аб правядзенні маючай адбыцца выбарчай кампаніі. Ён падкрэсліў, што выбары павінны прайсці адкрыта, свабодна і ў канкурэнтнай барацьбе. "Я да гэтага часу лічу, што мы ў гэтым годзе не павінны ні пад каго падладжвацца. Вы ўжо пераканаліся па мінулых нашых падобных мерапрыемствах, што падзякі мы ад гэтага не атрымаем. Ды і не трэба нам ні ад кога "падзякі". Нам трэба арыентавацца на ўласнае заканадаўства і Канстытуцыю, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Мы парламенцкія выбары, як і іншыя, праводзім для сябе, для нашай дзяржавы, і народ павінен у сумленнай і канкурэнтнай барацьбе вызначыць, хто будзе працаваць у нашым парламенце".