1 верасня, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Галоўнай задачай у палітыцы Беларусі заўсёды была, ёсць і будзе клопат пра кожнага чалавека, няхай гэта будзе дарослы ці дзіця. Пра гэта заявіў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, адкрываючы новую школу ў вёсцы Бараўляны Мінскага раёна, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Якія б цяжкасці мы ні перажывалі, галоўнай тэмай парадку дня ў палітыцы Беларусі заўсёды была, ёсць і будзе клопат пра чалавека, малога, вялікага, дзіцяці, дарослага, - гэта наша палітыка", - сказаў Прэзідэнт. "У свеце існуе нямала розных крытэрыяў вызначэння ўзроўню развіцця і дабрабыту дзяржаў. Але сапраўднае шчасце, пагадзіцеся, залежыць ад простых і па-сапраўднаму вечных каштоўнасцей - здароўя, любімай сям'і, утульнага дома, магчымасці атрымаць добрую адукацыю і мець годнае працу. І для мяне як Прэзідэнта важны стан менавіта гэтых паказчыкаў і не нейкіх іншых лічбаў", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка адзначыў добрую тэндэнцыю павелічэння колькасці сем'яў і нараджальнасці, што ў сваю чаргу абумоўлівае развіццё эканомікі, жыллёвага будаўніцтва, стварэння новых працоўных месцаў. "Іншымі словамі, Беларусь расце, маладзее і ўпэўнена глядзіць у будучыню", - сказаў ён. "Упэўнены, калі б па гэтым крытэрыі ацэньваліся дзяржавы, то наша краіна магла б прэтэндаваць на самы высокі рэйтынг у свеце", - лічыць кіраўнік дзяржавы. Па яго словах, ужо стала добрай традыцыяй 1 верасня адкрываць новыя школы. Цяперашні Дзень ведаў стаў днём нараджэння адразу для чатырох новых школ. На думку Прэзідэнта, у школы ў Бараўлянах самая цікавая гісторыя. Марай аб новай школе з кіраўніком дзяржавы ў канцы 2007 года падзяліліся мамы і выхаванцы Бараўлянскай дзіцячай вёскі. Дзеці з гэтай і навакольных населеных пунктаў вымушаны былі цесніцца ў навучальных установах суседзкага пасёлка Лясны. "Я сваё абяцанне выканаў, цяпер справа за вамі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Галоўнае, каб школа стала цэнтрам падрыхтоўкі разумных, прыгожых, таленавітых і моцных дзяцей, адданых нашай краіне. Нам гэта вельмі трэба. Па такім шляху мы і будзем рухацца".