10 чэрвеня, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на нарадзе па пытаннях развіцця ААТ "Беларуськалій" заявіў, што пакуль ні з кім не вёў перамоваў па продажы гэтага прадпрыемства, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Пусцілі чуткі, што ўжо прададзена гэта прадпрыемства. Я наогул ні з кім не вёў перамоваў па продажы "Беларуськалія", - сказаў кіраўнік дзяржавы. "Што з імі весці? Цана названа, грошы ёсць - прыязджай. Якія перамовы?" - дадаў Аляксандр Лукашэнка. Па словах Прэзідэнта, калі неабходна зрабіць пераацэнку прадпрыемства, "калі ласка - пераацэньвайце, але $30 млрд. - пакуль я гэту цану не адмяняў". "Яшчэ раз падкрэсліваю: ёсць грошы - на бочку, заўтра атрымаеце акцыі. На колькі прынясеце грошай, зыходзячы з $30 млрд., столькі атрымаеце акцый. Пакуль іншага меркавання ў мяне няма", - заявіў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што пара пакупнікоў ужо гэту суму вымаўляюць уголас, гэта значыць гатовыя плаціць $30 млрд. "Ну што ж, добра, хай прыязджаюць", - дадаў ён. Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што за $30 млрд. можна пабудаваць яшчэ як мінімум тры такія прадпрыемствы, як "Белкалій", па найноўшых тэхналогіях. І яшчэ грошы застануцца для народа. Па яго словах, сыравіннай базы дастаткова, аднак дзейнічаць тут трэба акуратна, каб не абваліць цану на калійныя ўгнаенні.-0-

БЕЛТА