1 снежня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае, што ніколі не патрабаваў ад прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі ствараць творы на ўгоду ўладзе. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння, сустракаючыся з творчай моладдзю краіны, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Гэта норма, канцэптуальная аснова маёй палітыкі як Прэзідэнта. Я ніколі інтэлігенцыю, перш за ўсё творчую, пісьменнікаў, мастакоў, не арыентаваў на тое, каб яны пісалі на ўгоду ўладзе. Лічу, што калі хтосьці звяртаецца да інтэлігенцыі з такой просьбай, ён проста яе зняважае", - сказаў Прэзідэнт. На думку кіраўніка дзяржавы, нельга стаць мастаком з вялікай літары, калі не мець уяўлення аб галоўным: дзеля чаго ты тварыш, які сацыяльны і маральны зарад нясуць твае творы. "Беларуская культура заснавана на ідэалах патрыятызму, вернасці жыццёвай праўдзе, любові да чалавека і служэння дабру. Гэта спадчына павінна стаць для вас крыніцай духоўнай сілы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы. "На жаль, сёння мастацтва стала паступова губляць маральныя арыенціры. Хтосьці кідаецца на прынаду нізкапробнай масавай культуры, смакуе амаральныя ўчынкі і нават злачынствы, называючы гэта "новым словам у мастацтве", - канстатаваў беларускі лідар. "Яшчэ больш непрывабнымі з'яўляюцца спробы некаторых "незалежных творчых дзеячаў", а калі быць больш дакладным, дзелкаў ад культуры, змешваць мастацтва з палітыкай, дамагацца таннай папулярнасці, абражаючы ўласную краіну і народ. Веру, што ніхто з вас ніколі не саступіць сумленню", - сказаў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка прывёў у прыклад змену арыенціраў улады, якая адбылася за апошнія дзесяцігоддзі. "І гэтым самым нашым "творчым дзеячам" давялося некалькі разоў за жыццё "перафарбоўвацца". То яны свята верылі ў камунізм і падтрымлівалі камуністычную ідэю. Потым яны хутка пераарыентаваліся на новыя ідэі", - адзначыў кіраўнік дзяржавы. "Я катэгарычна супраць гэтага (падладжвання інтэлігенцыі пад уладу. - Заўвага. БЕЛТА), і вы ніколі мяне не папракнеце, не знойдзеце для гэтага падстаў, - сказаў Прэзідэнт. - Мае партрэты нідзе, акрамя чыноўніцкіх кабінетаў, не вісяць. Кажуць, так трэба, хоць я вельмі дрэнна гэта ўспрымаю. Гэта адзінае, дзе я пагадзіўся і адступіў ад сваіх патрабаванняў".