30 сакавіка, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Любое прадпрыемства ў Беларусі можа быць прыватызавана, пытанне толькі ў цане. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па пытаннях прыватызацыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што абвальнай прыватызацыі ў краіне не будзе. "Калі гэта трэба дзяржаве, яна будзе насіць кропкавы характар", - адзначыў ён. "Любое прадпрыемства можа быць прыватызавана. Любое, без выключэння, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Але і навошта цямніць? У нас да разраду стратэгічных адносілася такое прадпрыемства, як "Белтрансгаз". Яно было забаронена да прыватызацыі. Прыватызавалі? Прыватызавалі. Дык навошта нам зноў цень на плот наводзіць, каб потым выводзіць законам са спісу забароненых да прыватызацыі і гэтак далей. Трэба раз і назаўжды вызначыць: няма абвальнай прыватызацыі, яна носіць кропкавы характар, калі гэта трэба дзяржаве, і ўсе прадпрыемствы ў Беларусі могуць быць прыватызаваны, пытанне толькі ў цане". Прэзідэнт падкрэсліў, што пытанне прыватызацыі ў Беларусі не проста ўрэгулявана, а выстрадана беларускім народам. "Гэта пытанне знаходзіцца ў цэнтры ўсіх палітычных падзей, таму што прыватызацыя - пытанне няпростае, калі казаць зразумелай для насельніцтва мовай, гаворка ідзе аб куплі-продажы дзяржаўнай уласнасці, якая створана многімі пакаленнямі нашых людзей", - сказаў кіраўнік дзяржавы. "Мы заўсёды гаварылі аб тым, што мы не супраць прыватызацыі. Але абвальнай прыватызацыі ў краіне як не было раней, так і не будзе цяпер. Гэта пытанне не абмяркоўваецца, пакуль я Прэзідэнт. Не буду я Прэзідэнтам, вы ўжо тут глядзіце, як будзеце прадаваць прадпрыемствы, уласнасць, зямлю, можа, і краіну ў цэлым. Хоць калі я буду жывы, я буду заўсёды супраць гэтага выступаць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт лічыць нармальным працэс, калі ўласнасць у дзяржаве прадаецца і купляецца. На думку кіраўніка дзяржавы, існуючы ў краіне парадак прыватызацыі нядрэнны. "Чым ён вас не задавальняе? Нармальны парадак, у нас ёсць два ўзроўні ўласнасці: камунальная, адказнасці мясцовых органаў, і рэспубліканская", - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да прысутных. "Навошта тут дзяліць прадпрыемствы на вельмі патрэбныя і непатрэбныя. Вы ведаеце, гэта нават некарэктна ў адносінах да насельніцтва, - адзначыў Прэзідэнт. - Усе прадпрыемствы важныя для краіны, дзе працуюць нашы людзі. Навошта іх дзяліць на стратэгічныя і нестратэгічныя?".