А. Лукашэнка: мадэрнізаваныя і новыя прадпрыемствы павінны працаваць без льгот, прыносячы прыбытак у бюджэт
12.12.20110 праглядаў
12 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12 снежня падчас рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць падкрэсліў, што мадэрнізаваныя і новыя прадпрыемствы, у якія былі ўкладзены значныя дзяржаўныя сродкі, павінны працаваць без льгот і прыносіць прыбытак у бюджэт. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
"Я хачу напружыць прадпрыемства, каб пасля будаўніцтва яно цалкам плаціла падаткі, вяртала крэдыты і функцыянавала, як належыць. Інакш навошта тады патрэбна гэтае прадпрыемства, якое павінна даваць максімум выгады для дзяржавы, а мы яго будзем льгатаваць, недаатрымліваючы такім чынам сродкі ў бюджэт", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
У цэнтры ўвагі Прэзідэнта падчас рабочай паездкі былі пытанні развіцця папяровай галіны краіны. Прыехаўшы на папяровую фабрыку "Спартак" у Шклове, Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як былі выкананы яго даручэнні, дадзеныя некалькі гадоў таму, па тэхнічным перааснашчэнні і рэканструкцыі прадпрыемства. Прэзідэнт асабліва падкрэсліў, што лясоў, якія з'яўляюцца сыравінай для папяровай галіны, у краіне дастаткова, аднак паперу даводзілася закупляць за мяжой.
Як далажыў кіраўніку дзяржавы дырэктар фабрыкі Сяргей Шумскі, усе работы выкананы, прадпрыемства працуе рэнтабельна і ў наступным годзе выйдзе на праектныя магутнасці, а рэнтабельнасць дасягне 25-27%. "Гэта істотна для калектыву", - сказаў ён. "Гэта істотна не толькі для калектыву, але і для краіны ў цэлым", - слушна заўважыў Аляксандр Лукашэнка, маючы на ўвазе стратэгічную важнасць развіцця папяровай галіны ў Беларусі.
Агульны кошт тэхпераўзбраення і рэканструкцыі папяровай фабрыкі "Спартак" склаў Br338,2 млрд. у бягучых цэнах. З іх на абсталяванне зрасходавана Br185,2 млрд., і Br153 млрд. - на будаўніча-мантажныя работы. Большая частка сродкаў паступіла ў выглядзе бюджэтных пазык. Чакаецца, што з выхадам на праектную магутнасць у 2012 годзе аб'ём вытворчасці на прадпрыемстве вырасце ў супастаўных цэнах у 5,5 раза. У сваю чаргу рост вытворчасці дазволіць істотна павысіць заработную плату работнікам фабрыкі.
Новыя магутнасці прадпрыемства патрабуюць і большых аб'ёмаў сыравіны, якім у тым ліку з'яўляецца макулатура. Кіраўнік дзяржавы даручыў ураду наладзіць эфектыўную сістэму збору і перапрацоўкі другаснай сыравіны. "Адпаведная праграма павінна быць створана ва ўрадзе. Усё трэба распісаць, і давядзіце кожнаму рай- і гарвыканкаму, адміністрацыям гарадоў. Пара іх нагружаць гэтымі задачамі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Старшыня канцэрна "Беллесбумпрам" Уладзімір Шульга далажыў Прэзідэнту, што ў 2012 годзе ў Беларусі плануецца сабраць 230 тыс.т макулатуры, у той час як патрэбнасць у ёй па галіне ў цэлым складае каля 300 тыс.т у год. Па падліках, у Беларусі штогод утвараецца больш за 0,5 млн.т гэтай сыравіны. Такім чынам, першачарговая задача складаецца ў неабходнасці павелічэння аб'ёмаў нарыхтоўкі макулатуры. Аднак, па словах Уладзіміра Шульгі, не менш важныя таксама яе сартаванне і ўпакоўка. У цяперашні час у Беларусі макулатура па большай частцы здаецца навалам без падзелу паперы па яе якасці.
Урад прапануе перадаць функцыі па зборы макулатуры новаму аператару - Мінжылкамгасу, бо менавіта ў гэтага міністэрства ёсць неабходная база для арганізацыі гэтай працы. "На будучы год трэба ў абавязковым парадку нарыхтаваць 300 тыс.т. Гэта не праблема, і па 50 тыс.т у першыя тры гады павінны дадаваць. Гэта тычыцца і іншых напрамкаў", - даручыў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён адзначыў, што неабходна наладзіць эфектыўны збор другаснай сыравіны і па іншых напрамках, такіх як металалом, шкло.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі яшчэ шмат трэба зрабіць для навядзення належнага парадку ў пытанні арганізацыі збору і перапрацоўкі другаснай сыравіны. Напрыклад, у шэрагу заходніх краін менавіта з другаснай сыравіны вырабляецца значная доля прадукцыі.
Акрамя таго, папяровай фабрыцы для выпуску цэлага шэрагу прадукцыі, у тым ліку санітарна-гігіенічнай паперы, неабходна адбеленая цэлюлоза, якая ў Беларусі пакуль не вырабляецца, а таму імпартуецца. Аляксандр Лукашэнка даручыў на гэты конт да 2014 года рэалізаваць праект па будаўніцтве новага прадпрыемства па выпуску адбеленай цэлюлозы на базе Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната.Падчас наведвання фабрыкі "Спартак" кіраўніку дзяржавы далажылі і аб рабоце іншага шклоўскага прадпрыемства - завода газетнай паперы. Па словах яго дырэктара Анатоля Хмелеўскага, у цяперашні час завод на 100% задавальняе патрэбнасць беларускіх спажыўцоў у газетнай паперы і паспяхова пастаўляе прадукцыю на экспарт. У будучыні на прадпрыемстве плануецца пабудаваць яшчэ адзін цэх па вытворчасці паперы - асновы для дэкаратыўных аздабляльных матэрыялаў. Ужо вызначаны дзве замежныя кампаніі, якія гатовыя ўзяцца за рэалізацыю праекта. "Вызначайцеся, уносьце прапановы, але цягнуць нельга", - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.
Гаворачы ў цэлым пра два прадпрыемствы, Прэзідэнт падкрэсліў: "Мы ўклалі ў іх велізарныя сродкі, і яны павінны акупіцца не за 14-15, а за 10 гадоў. Навошта мы павінны ствараць льготы за кошт дзяржавы, мы і так уклалі сюды вельмі шмат".
Аляксандр Лукашэнка агледзеў вытворчую тэрыторыю фабрыкі "Спартак", наведаў цэхі, дзе азнаёміўся з тэхналагічным працэсам вытворчасці паперы і вырабаў з яе па найноўшых тэхналогіях. "Ад кожнага квадратнага метра мы павінны атрымліваць прадукцыю з высокай дабаўленай вартасцю сусветнай якасці. Нельга прадаваць паўфабрыкат", - падкрэсліў Прэзідэнт, адзначыўшы, што вялікія вольныя плошчы на тэрыторыі прадпрыемства дазваляюць пашыраць спектр выпускаемай прадукцыі. Ён даручыў памочніку Прэзідэнта - галоўнаму інспектару па Магілёўскай вобласці Генадзю Лаўранкову штоквартальна кантраляваць гэтае пытанне.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на гэта і падчас агляду выстаўкі выпускаемай на фабрыцы прадукцыі. "Калі тут нешта не робіцца з таго, што запатрабавана ў гандлі, то трэба пашыраць асартымент", - адзначыў ён.
Аляксандр Лукашэнка застаўся задаволены ўбачаным. Ён даручыў падобным чынам, па-гаспадарску, падыходзіць і да развіцця іншых прадпрыемстваў краіны, дзе патрабуецца мадэрнізацыя і рэканструкцыя.Чисты прыбытак ААТ "Папяровая фабрыка "Спартак" за студзень-верасень 2011 года склаў Br1,5 млрд. супраць Br1,5 млрд. чыстага ўбытку за аналагічны перыяд 2010 года. У 2012 годзе з выхадам на праектныя магутнасці новай паперарабільнай машыны на фабрыцы будзе забяспечаны выпуск двух- і трохслаёвай паперы санітарна-гігіенічнага прызначэння, раней не вырабленай у рэспубліцы, і прадукцыі з яе з высокімі спажывецкімі характарыстыкамі і ўзроўнем якасці. Пасля мадэрнізацыі вытворчасці фабрыка таксама стане адным з вядучых прадпрыемстваў у краіне па вытворчасці гафракардону, кардону плоскіх слаёў, паперы для гафрыравання, прадукцыі санітарна-гігіенічнага прызначэння. За дзевяць месяцаў прадпрыемства паставіла на экспарт прадукцыі на суму $2 млн., што на 10% больш у параўнанні з леташнім паказчыкам. На 2012 год ужо заключана экспартных кантрактаў на суму $15 млн.
У цэлым канцэрнам "Беллесбумпрам" у мэтах стварэння новых экспартаарыентаваных вытворчасцей на аснове ўласнай сыравіннай базы і павышэння эканамічнай бяспекі Беларусі рэалізуюцца дзевяць інвестыцыйных праектаў.-0-
БелТА