5 красавіка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка можа ў бліжэйшы час прыняць рашэнне аб памілаванні некаторых асуджаных, якіх на Захадзе лічаць палітвязнямі. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння на нарадзе па пытаннях знешняй палітыкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Вельмі шмат у апошні час гавораць аб нейкіх палітвязнях. У нас у Крымінальным кодэксе няма палітычных артыкулаў", - падкрэсліў Прэзідэнт. Ён адзначыў, што сёння ўжо нават у апазіцыйных СМІ адкрыта заяўляюць аб тым, што на Лукашэнку ціснуць бесперспектыўна. "Гэта правільна. Але далей кажуць няправільна, што калі на яго ціснуць, то ён зробіць наадварот. Поўная лухта. Я ніколі не зыходзіў з нейкіх асабістых амбіцый. Я паступлю так, як загадваюць мне Канстытуцыя і законы. Ніякіх "наадварот" быць не можа, - адзначыў беларускі лідар. - А тое, што трэба паводзіць сябе прыстойней, калі нешта просіш ці нават патрабуеш, гэта правільна, тым больш калі ты патрабуеш ці просіш нечага ад Прэзідэнта. Не трэба тут з палкамі хадзіць і стукаць у акно". Што тычыцца так званых палітвязняў, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што іх сваякі пачынаюць яго папракаць у тым, што ён абяцаў іх памілаваць, але пакуль гэтага не зрабіў. "Прычына адна. Як толькі я сказаў пра гэта (а гэта было сказана некалькі месяцаў таму), усе закрычалі. Але я папярэдзіў, што пытанне памілавання так званых палітвязняў - гэта перш за ўсё іх зварот з просьбай аб памілаванні. Я адразу публічна пра гэта сказаў. Не хочаш звяртацца - ніхто і разглядаць не будзе. Сядзі", - сказаў Прэзідэнт. Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, пасля гэтай заявы пачаліся размовы аб тым, што прашэнні аб памілаванні былі напісаны пад нейкім ціскам. "І я даручыў адпаведным службовым асобам праверыць: па сваёй волі напісалі просьбу аб памілаванні ці іх сапраўды прымусілі. Днямі мне далі інфармацыю, у тым ліку і відэа, дзе яны шчыра і сумленна кажуць: "Ды няма, гэта наша былая воля". Хтосьці там, адзін-два, не захацелі пісаць. Добра, гэта іх выбар. Няхай сядзяць", - распавёў кіраўнік дзяржавы. "У дачыненні да тых, хто папрасіў аб памілаванні, у бліжэйшы час я разгледжу гэтыя пытанні. Мяне ніхто не будзе папракаць, што я свае абавязацельствы ці абяцанні не выконваў. Мы прымем рашэнне па некаторых асобах, якія ў выніку ўсвядомілі пагібельнасць сваёй пазіцыі і палітыкі ў дачыненні да ўласнай дзяржавы", - заявіў беларускі лідар.-0-