А.Лукашэнка: на выбары трэба ісці з дабром і народу прапаноўваць дабро
26.11.20100 праглядаў
26 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 25 лістапада ў інтэрв'ю французскай газеце "Фігарo" адказаў больш чым на 30 пытанняў, якія тычацца адносін Беларусі з Еўрасаюзам і Францыяй, беларуска-расійскага супрацоўніцтва, а таксама ў цэлым праводнай беларускай дзяржавай знешняй палітыкі. Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама закрануў тэму маючых адбыцца прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і даў стрыманыя характарыстыкі некаторым апазіцыйным кандыдатам на гэты высокі пост і ацэнку іх дзеянняў.
Гаворачы аб адносінах Беларусі з Еўрасаюзам, Прэзідэнт заявіў, што палітыка ўмоў з боку ЕС ніколі не знойдзе разумення ў Беларусі.
На пытанне журналіста выдання, ці не расчаравана кіраўніцтва краіны стаўленнем да Беларусі Еўрапейскага саюза, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Мы больш чым расчараваныя. Мы наогул часам не разумеем, чаго хоча Еўрапейскі саюз". "Мы робім усё для таго, каб у нас былі нармальныя адносіны з нашым заходнім суседам. Усе нашы ініцыятывы не толькі апошняга часу, але і раней былі накіраваны на ўсталяванне добрых адносін з ЕС. Чаму Еўрапейскі саюз такім чынам рэагуе на нашы ініцыятывы, гэта зноў жа пытанне да іх, а не да нас", - сказаў Прэзідэнт.
Пры гэтым кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў: "Мы добрыя вучні, мы гатовыя ў вас вучыцца ўсяму таму, што адпавядае інтарэсам беларускага народа, і таму, што не стварае праблем нашым суседзям, гэта значыць Еўрапейскаму саюзу, Украіне, Расіі, іншым народам свету. Мы гатовыя ў гэтым напрамку вучыцца ў вас".
"Але палітыка Еўрапейскага саюза, накіраваная на тое, каб нас пастаянна трымаць у напружанні і ставіць перад намі ўмовы, а то і падштурхоўваць нас да дзеянняў, да якіх мы, мякка кажучы, не гатовыя ў сілу аб'ектыўных прычын, - гэтая палітыка ў нас ніколі не знойдзе разумення, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Еўрапейскі саюз павінен гэта ўлічваць".
"Я думаю, што калі б французскаму Прэзідэнту Нікаля Сарказі задалі такое пытанне і Францыя была ў такім жа становішчы, як Беларусь, ён бы адказаў сапраўды так жа", - заўважыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што заўсёды будзе дзейнічаць у інтарэсах беларускай дзяржавы і народа. "У нас ёсць краіна, у нас ёсць народ, мы абвясцілі, што гэтай беларускай дзяржаве быць суверэннай і незалежнай. Гэта падтрымлівае Захад. Таму мы будзем забяспечваць наш суверэнітэт і незалежнасць і дзейнічаць перш за ўсё ў інтарэсах беларускага народа, таму што мы як краіна і народ, які жыве ў гэтай краіне, маем свае інтарэсы, і гэтыя інтарэсы, нас ніхто ў гэтым папракнуць не можа, ніяк не супярэчаць Еўрапейскаму саюзу".
Кіраўнік беларускай дзяржавы таксама адзначыў, што Беларусь гатова наладжваць адносіны з ЕС у любым фармаце: "Давайце наладжваць адносіны. Хочаце - у рамках "Усходняга партнёрства", хочаце - наўпрост Еўрапейскі саюз - Беларусь, хочаце - Францыя-Беларусь, як вам зручна".
Што тычыцца беларуска-французскіх адносін, то Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў намер развіваць іх і далей. "Мы хацелі б развіваць адносіны з Французскай Рэспублікай і будзем іх развіваць. Але ўсё гэта залежыць не ад нас, а ад вас. Будзе ў вас жаданне і імкненне супрацоўнічаць з Беларуссю - мы неадкладна на гэта адкажам", - падкрэсліў ён.
Аляксандр Лукашэнка выказаў таксама сваё меркаванне аб цяперашнім этапе адносін Беларусі і Расіі. Ён падкрэсліў, што адносіны ў Беларусі і Расіі "як былі, так і засталіся". "Ніякага рэзкага пагаршэння адносін няма, таму што гэта не трэба ні Расіі, ні нам", - адзначыў кіраўнік дзяржавы, дадаўшы, што ў Расіі ёсць да Беларусі ваенна-палітычныя, стратэгічныя інтарэсы.
Пры гэтым ён не лічыць, што расійскае кіраўніцтва да гэтага часу мае планы па ўключэнні Беларусі ў склад Расіі. "Аб тым, што расійскае кіраўніцтва хацела б уключыць у склад Расіі Беларусь, вы, напэўна, добра ведаеце, вы гэта чулі. Але я не думаю, што расійскае кіраўніцтва да гэтага часу прытрымліваецца гэтых мэтаў", - сказаў Прэзідэнт журналісту французскага выдання.
"Але Расія дапускае тыя ж памылкі, што і Еўрапейскі саюз. Трэба ўлічваць рэаліі. Трэба ўлічваць, што ёсць дзяржава і народ, беларуская дзяржава і беларускі народ. І для любога Прэзідэнта, хто б тут ні быў, гэта святое - абараняць гэтыя інтарэсы", - падкрэсліў Прэзідэнт."Уся складанасць у тым, што мы знаходзімся паміж гэтымі двума велізарнымі "монстрамі": Еўрапейскім саюзам і Расіяй. І ў кожнага ёсць свае інтарэсы на тэрыторыі Беларусі, - сказаў беларускі лідар. - Мы згодныя з тым, што і ў вас, і ў Расіі ёсць свае інтарэсы на нашай зямлі. Але мы толькі заўсёды просім і патрабуем ад нашых партнёраў, каб яны ўлічвалі і нашы інтарэсы, нашага беларускага народа, і разумелі, што тут жыве народ і існуе дзяржава".
Што ж тычыцца прычын ня адбыўшайся сустрэчы Прэзідэнта Беларусі з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым падчас яго знаходжання ў Мінску, то Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Мы і не планавалі гэту сустрэчу".
Кіраўнік дзяржавы закрануў таксама тэму маючых адбыцца прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Ён распавёў, што мае факты фінансавання Расіяй некаторых апазіцыйных кандыдатаў на пасаду кіраўніка беларускай дзяржавы. На пытанне журналіста газеты, ці дапамагае Расія частцы беларускай апазіцыі, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Гэта так, і мы гэта ведаем. У нас ёсць факты. Уладзімір Някляеў, Андрэй Саннікаў - гэта людзі, якія сёння фінансуюцца Расіяй".
На думку кіраўніка беларускай дзяржавы, цяперашнія апазіцыйныя кандыдаты не гатовыя весці перадвыбарную кампанію. "Калі прэзідэнцкая кампанія для іх ілюзія, то, калі ласка, у іх ёсць права не прымаць удзел у гэтай ілюзіі. А калі яны сапраўдныя палітыкі, то трэба браць адказнасць на сябе і змагацца за гэты пост. Яны, на мой погляд, не гатовыя весці перадвыбарную кампанію", - сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка распавёў, што чуў выступленні некаторых кандыдатаў на вышэйшы пост у краіне. На яго думку, на выбары трэба ісці з дабром і народу прапаноўваць дабро. "Столькі злосці, колькі зыходзіць сёння ад іх, прывядзе толькі да таго, што яны запалохаюць людзей і даб'юцца таго, што людзі наогул за іх галасаваць не будуць", - сказаў ён. "Таму выліваць вось гэту злосць у народ з экрана - гэта не беларускі варыянт", - дадаў Прэзідэнт.
Кажучы пра магчымасць супрацоўніцтва ўлады з апазіцыяй, Аляксандр Лукашэнка не выключыў такой сітуацыі. Аднак, па яго словах, зыходзіць неабходна з пазіцыі паляпшэння жыцця людзей. "Я Прэзідэнт краіны і прадстаўляю сёння ўвесь народ. Калі нейкаму грамадзяніну ці групе людзей, ці нейкай партыі зручна і хочацца супрацоўнічаць з дзеючай уладай, у тым ліку з Прэзідэнтам, - міласці просім. У аснове гэтага павінна ляжаць перш за ўсё паляпшэнне жыцця людзей", - сказаў ён."Наша так званая апазіцыя пакуль дзейнічае з пазіцыі "чым горш – тым лепш": чым горш для народа – тым лепш для іх. На такіх асновах я не толькі з апазіцыяй, але ў тым ліку і з любымі іншымі грамадзянамі Беларусі ці замежнымі дзяржавамі супрацоўнічаць не маю намеру. Мая мэта – паляпшэнне жыцця людзей, а не пагаршэнне", – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым ён адзначыў: "Калі апазіцыянеры хочуць і гатовыя дзейнічаць у плане той палітыкі, якая сёння праводзіцца ў Беларусі, і яны здольныя па сваіх магчымасцях працаваць на нейкай пасадзе, міласці просім".
"Фігарo" з'яўляецца найбуйнейшай французскай штодзённай агульнапалітычнай газетай. Больш за дзесяць перыядычных выданняў, якія ўваходзяць у групу "Фігарo", трывала займаюць вядучыя месцы ў індустрыі французскай прэсы. Газета была заснавана ў студзені 1826 года. У цяперашні час тыраж "Фігарo" складае каля 400 тыс. экз. -0-
БЕЛТА