А. Лукашэнка прызначыў кіраўнічы склад Следчага камітэта Беларусі
28.11.20110 праглядаў
28 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 28 лістапада разгледзеў кадравыя пытанні, прызначыўшы кіраўніцкі склад Следчага камітэта Беларусі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
Кіраўнік дзяржавы прызначыў:
Буйноўскага Сяргея Аляксандравіча – намеснікам старшыні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь,
Гайдучэнку Валерыя Аляксандравіча – намеснікам старшыні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь,
Шаева Валянціна Пятровіча – намеснікам старшыні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь,
Рахманава Аляксандра Аляксандравіча – начальнікам упраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці,
Шалухіна Уладзіміра Васільевіча – начальнікам упраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці,
Леонка Іосіфа Эдвардавіча – начальнікам упраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці,
Сіняка Ягора Сцяпанавіча – начальнікам упраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Мінскай вобласці,
Волкава Аляксея Аляксандравіча – начальнікам упраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па горадзе Мінску.
Як паведаміў кіраўніку дзяржавы старшыня Следчага камітэта Валерый Вакульчык, кандыдатуры на пасады начальнікаў упраўлення камітэта па Магілёўскай і Гомельскай абласцях будуць прадстаўлены на працягу двух тыдняў.
Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да прысутных, падкрэсліў, што чакае ад Следчага камітэта незалежнай працы і сумленнага падыходу да разгляду кожнай справы. "Хачу, каб вы разумелі: мы ўзяліся за вельмі сур'ёзную справу. Нам патрэбны незалежны, падпарадкаваны толькі закону Следчы камітэт, - заявіў Прэзідэнт. - Праблемы ў нашай краіне былі, ёсць і будуць, і ўсе праблемы, цяжкія моманты насельніцтва ў стане пераварыць, перажыць і дараваць, калі мы дзесьці памыліліся. Але ніколі чалавек не даруе парушэнне яго правоў і калі мы, не дай бог, зламаем лёс чалавека. У чалавека назаўсёды ў сэрцы або ў жыцці застанецца несправядлівае з боку дзяржавы (у дадзеным выпадку дзяржава – гэта вы, следчыя), несправядлівае стаўленне ў плане расследавання тых ці іншых правапарушэнняў і, як следства, несправядлівы судовы прысуд. Вось гэта ў чалавека застанецца назаўсёды".
Кіраўнік дзяржавы ў сувязі з гэтым падкрэсліў: "Трэба максімальна пазбегнуць такіх выпадкаў. А лепш, каб іх не было наогул. Калі вы будзеце бачыць, што не хапае нейкіх фактаў для таго, каб сказаць, што так, ты злачынца і ты павінен ісці ў суд, лепш адысці ад абвінавачвання. Але ні ў якім разе нельга "нацягваць", як гэта бывае (менш у нас, больш у іншых краінах), і вызначаць, што мы праблему вырашылі, злачынца знайшлі. Дзеля "галачкі" нічога рабіць не трэба", - папярэдзіў Прэзідэнт.
"У вашых руках лёсы людзей. Што там граху таіць, часта і людзей, якія вызначаюць аблічча нашай дзяржавы: ці то ў сферы вытворчасці, бізнесу, дзяржслужбы і гэтак далей", - дадаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама папярэдзіў аб тым, што не павінна быць праявы якіх-небудзь фактаў уплыву пазаслужбовых адносін: "Ніякіх тут узаемаадносін: я сябар, ты сябар, давай вырашым пытанне, - так быць не павінна".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэтым, перш за ўсё, тлумачыцца прызначэнне на пасаду кіраўніка Следчага камітэта Валерыя Вакульчыка. "Многія, можа быць, падумалі аб тым, што досведу няма і іншае, але для мяне важны тут сумленны, крыштальна сумленны чалавек. Я не магу выставіць яму прэтэнзій па службе, не магу! Чалавек, які прыйшоў ад зямлі, які спазнаў, што такое жыццё, ён заўсёды дзейнічаў сумленна і добрасумленна", - сказаў Прэзідэнт.
"Я вас пераканаўча прашу: не крыўдзіце людзей! Але злодзей павінен сядзець у турме. Злачынца, правапарушальнік абавязаны панесці адказнасць па ўсёй строгасці закона. Калі гэтага не будзе - чакайце павелічэння злачынстваў. Пакаранне павінна быць неадваротным, але сумленным і справядлівым", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У той жа час Прэзідэнт чакае ад Следчага камітэта непалітызаванасці. "У вашай працы не павінна быць ніякай палітыкі. Настольная кніга для вас - закон. Каб займацца палітыкай, для гэтага ёсць дзяржаўныя служачыя і палітычныя структуры. Ваша справа - закон і адказнасць па законе, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Нельга палітызаваць працэсы там, дзе іх нельга і не трэба палітызаваць. Гэта вы павінны памятаць"."Я вельмі спадзяюся, што ўсе вы любіце нашу краіну, Беларусь. І вы павінны памятаць, што незалежнасць і суверэнітэт нашай краіны - святое. І вы яе павінны абараняць, у тым ліку як людзі ваенныя. Таму маё рашэнне было адназначным - Следчы камітэт павінен быць ваенізаванай структурай, і там павінны працаваць людзі ў пагонах. Я вам абяцаю, што я зраблю ўсё для таго, каб вы змаглі вырашыць гэтыя праблемы. Усё будзе залежаць толькі ад вас", - сказаў Прэзідэнт.
"Мы нічога не пашкадуем для таго, каб вы маглі выконваць свае функцыянальныя абавязкі на самым высокім узроўні, каб вашыя калегі з суседніх і іншых краін, прыязджаючы да вас, вывучаючы ваш вопыт, заўсёды захапляліся тым, што мы, ідучы гэтым шляхам, стварылі самую сумленную і справядлівую структуру ва ўсім свеце. Мы гэта можам зрабіць. І не толькі таму, што я на гэтым настойваю. Таму што ў нас ёсць сур'ёзная аснова для гэтага - менталітэт нашага народа", - упэўнены кіраўнік дзяржавы.-0-
БЕЛТА