19 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка не бачыць падстаў для далейшага значнага росту цэн на прадукты харчавання. Аб гэтым ён заявіў на нарадзе 18 кастрычніка, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара. "Многія кажуць: цэны, цэны растуць, давай зацісні. Ні ў якім разе гэтага нельга рабіць цяпер. Так, трэба кантраляваць, каб "разбэшчанасці" не было, але ў нас нават не ў "разбэшчанасці" справа. У нас цэны такога ўзроўню, што яны ўжо ўпёрліся ў попыт насельніцтва. Далей ужо цэны не могуць так расці", - адзначыў кіраўнік дзяржавы. "Мы, фактычна, жывём у нейкім ажыятажна-крызісным свеце, калі паглядзець на свет вакол. І тое, што мы перажылі - гэта нам у плюс. Мы ўжо гэта прайшлі. Наш народ гэта ўжо прайшоў, ён гэта вытрымаў, выцярпеў. Ім давядзецца прайсці. Без страт, як мы бачым, не пройдзем", - прызнаў Прэзідэнт. "Ну так, мы можам заўтра спыніць цэны. А што такое цэны на малако, мяса? Гэта зарплата сялян. І мы ўпершыню выраўнавалі іх фактычна. Ужо да мяне прэтэнзіі не трэба прад'яўляць па цэнавым нейкім фактары. Так, там недзе нейкая ялавічына - але гэта дробязі. І той, хто не скарыстаецца цяперашняй сітуацыяй, сялян я маю на ўвазе, - бяда будзе. І ўжо Міхаіл Русы кажа, што з выплатай крэдытаў больш-менш нармальная сітуацыя. Гэта значыць, мы далі магчымасць нашым таваравытворцам справіцца з гэтай закрэдытаванасцю. Гэта таксама вялікая справа", - падкрэсліў беларускі лідар. "Але ў нас вельмі хочуць узбудзіць народ, каб перавярнуць краіну. Першы заход быў, не атрымалася, так званы "народны сход", - 120 чалавек сабралася. Людзі гэта разумеюць, але мы ім павінны паказваць перспектыву. Яны павінны бачыць, што зараз можна ўсё закруціць, завінтаваць, але заўтра пустымі будуць паліцы. Ні ў якім разе гэтага нельга рабіць", - лічыць Аляксандр Лукашэнка. Звяртаючыся да кіраўнікоў рэгіёнаў, Прэзідэнт заклікаў іх вырашаць пытанне павышэння дабрабыту грамадзян не толькі на ўзроўні Прэзідэнта: "Давайце не толькі на маім узроўні ўказам павышаць, але і там, на месцы. Вы лепш ведаеце, каго падтрымаць. Ну і дырэктараў прымушайце, каб яны ў гэты час падтрымлівалі сваіх рабочых, у залежнасці ад прадукцыйнасці працы". Прэзідэнт таксама падкрэсліў, што стратэгія дзеянняў вызначана. "У нас тысяча варыянтаў як рабіць. Мы выбралі гэтыя варыянты. Іншых сёння нам не дадзена", - заключыў Аляксандр Лукашэнка.-0-

БЕЛТА