5 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю інфармагенцтву "Рэйтэр" заявіў, што ў цяперашні час няма фактараў, якія б прымусілі яго адмовіцца ад удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах. Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы. "Што тычыцца майго ўдзелу (у прэзідэнцкіх выбарах. - Заўвага. БЕЛТА)... Я рашэння гэтага не прымаў. І шчыра вам скажу, што я не сяджу і не ўзважваю за і супраць, я проста пра гэта не думаю", - сказаў кіраўнік дзяржавы. "Але прама вам скажу, што зараз такіх фактараў, якія б прымусілі мяне адмовіцца ад удзелу ў гэтых выбарах, няма. Няма такіх фактараў, якія б, ведаеце, усяму народу давалі сігнал, што Лукашэнка не павінен удзельнічаць у гэтых выбарах, - адзначыў ён. - Напэўна, наадварот, калі б я адмовіўся, то народ бы мяне не зразумеў. Гэта нейкая баязлівасць... Ну, ідзі на выбары: прайграеш - прайграеш, выйграеш - выйграеш. Таму я спакойна да гэтага стаўлюся". Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што не думаў над тым, у якім узросце сыдзе з прэзідэнцкай пасады. "Справа ж не ва ўзросце. А справа ў стане чалавека і ў магчымасці, у здольнасці забяспечыць той ці іншы працэс і выканаць тыя абавязацельствы, якія ты на сябе бярэш. А народ, усё гэта бачачы, супастаўляе і галасуе за ці супраць", - сказаў ён. "Што тычыцца майго ўзросту, то я вам павінен сказаць, што я занадта рана стаў Прэзідэнтам, таму вам ужо ў нейкай ступені, напэўна, надакучыў, - дадаў Аляксандр Лукашэнка. - А ў маім узросце толькі-толькі становяцца спелымі палітыкамі, толькі-толькі становяцца прэзідэнтамі. Раней - небяспечна". На пытанне журналіста, ці ёсць у Аляксандра Лукашэнкі планы, сыдучы з прэзідэнцкай пасады, пакінуць гэту пасаду сваім сынам, ён адказаў: "У мяне такіх планаў, паверце, няма. Каб мой сын стаў прэзідэнтам? Я неяк казаў, што мае дзеці "наеліся" майго прэзідэнцтва, што наўрад ці яны захочуць быць прэзідэнтамі пасля мяне". Кіраўнік дзяржавы таксама дадаў, што ў Беларусі пасада Прэзідэнта па спадчыне не перадаецца.-0-

БЕЛТА