10 лістапада, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка незадаволены працай урада і прапануе яму пажыць ва ўмовах, у якіх апынулася сёння большасць насельніцтва. Крытыку рашэнняў урада кіраўнік дзяржавы выказаў сёння на нарадзе па пытанні распараджэння дзяржаўнай маёмасцю, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Трэба пачынаць працаваць не ў кабінетах, а непасрэдна на зямлі, прадпрыемствах - з рабочымі і сялянамі, тады вы зразумееце, што такое рынак, як жыве сёння сялянін, рабочы, ды і ўжо большая частка інтэлігенцыі, - сказаў Прэзідэнт. - Хутка мы будзем сапраўды хадзіць у крамы, як у музеі. Мы-то не будзем, але большая частка насельніцтва будзе туды прыходзіць, каб паглядзець на рынкавую эканоміку Мясніковіча-Румаса". "Мяне апошнім часам усё больш і больш насцярожвае праца нашага ўрада. Я не хачу даваць нейкіх ацэнак, скажу толькі адно, што вы значна саступаеце ранейшаму ўраду", - сказаў кіраўнік дзяржавы. "Валакіта нейкая залішняя, узгадненні, боязь прыняцця рашэнняў - гэта яшчэ паўбяды. Але апошнія прапановы, не ведаю, хто з'яўляецца іх ідэолагам, ідуць насуперак тым рашэнням, якія вызначыў Усебеларускі народны сход. А гэта ўжо недапушчальна", - папярэдзіў кіраўнік дзяржавы. Па словах Прэзідэнта, калі ва ўрадзе ёсць жаданне ўсё і ўся перавесці на рынак, аддаць у прыватныя рукі, то "нам такая палітыка непрымальная". "Калі вы не згодныя з тым, што я кажу, давайце ўсіх вас пераведзем на жыццёвыя ўстоі, тыя рэйкі, па якіх рухаецца сёння небагатая частка насельніцтва, а ў нас гэта большасць насельніцтва. Паспрабуйце вы пажыць у гэтых умовах. Вось тады вы, мабыць, зразумееце, што такое чысты рынак і як мы ў гэтай сітуацыі павінны дзейнічаць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да ўрада. "У мяне ўсё больш і больш з'яўляецца ў галаве такая шалёная думка", - дадаў ён. Звяртаючыся да прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча, кіраўнік дзяржавы сказаў: "Вы-то чалавек дасведчаны, добра, пару маладых, спрытных хлопцаў у вас ва ўрадзе, але вы-то выдатна разумееце, што асабліва ў нашай сітуацыі вельмі часта нам даводзілася раней і давядзецца надалей уручную рэгуляваць некаторыя працэсы".