14 верасня, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Беларусь заўсёды была і будзе для Расіі надзейным аплотам, і ніякім палітыкам не наканавана разарваць гэтыя адносіны. Пра гэта заявіў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы ў Мінску з генеральным сакратаром Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы Мікалаем Бардзюжам, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Хачу, каб вы разумелі: мы былі і будзем для рускага чалавека надзейным аплотам, апорай, фарпостам, як гэта ў Расіі прынята казаць. Мы заўсёды былі разам і будзем, і ніякім палітыкам не наканавана разарваць нашы адносіны", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што "нас хвалююць нашы адносіны з галоўным партнёрам па АДКБ - Расійскай Федэрацыяй". "Але, нягледзячы на тое, што расійскае кіраўніцтва пастаянна нас чапае апошнім часам за розныя часткі цела, мы не навастрыліся на яго так, як, можа быць, некаторыя думаюць. Мы цалкам адэкватна ацэньваем тое, што адбываецца", - сказаў Прэзідэнт. Звяртаючыся да госця, Аляксандр Лукашэнка заўважыў: "Хачу, каб вы наогул пра гэта не думалі. Думаю, гэтыя непаразуменні рана ці позна развеюцца". Прэзідэнт асабліва акцэнтаваў увагу на тым, што Беларусь будзе будаваць сваю палітыку без лішніх прэтэнзій, наскокаў на сваіх партнёраў. "Трэба сёння ствараць, а не разбураць", - падкрэсліў ён.-0-

БЕЛТА