15 снежня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Ніякіх забаронных мер на спажывецкім рынку Беларусі ўводзіцца не будзе. Аб гэтым сёння заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ва ўступным слове на пастаянна дзеючым семінары кіруючых работнікаў рэспубліканскіх і мясцовых дзяржаўных органаў на тэму "Імпартазамяшчэнне як найважнейшы фактар дасягнення збалансаванага развіцця эканомікі Рэспублікі Беларусь", перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Ніякіх забаронных мер на спажывецкім рынку мы не ўводзілі і ўводзіць не будзем. Толькі ў канкурэнтнай барацьбе з імпартам, павышаючы якасць і спажывецкія ўласцівасці прадукцыі, можна перамагчы і прадаць свой тавар як унутры краіны, так і за яе межы", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка не пагадзіўся з некаторымі сцвярджэннямі аб тым, што не спажывецкія тавары робяць надвор'е ў імпартазамяшчэнні і трэба глядзець на іншыя артыкулы імпарту. "Трэба аналізаваць кожную пазіцыю, кожную таварную групу, кожны долар імпарту, таму што, замяшчаючы імпартны тавар, вырабляючы канкурэнтаздольную прадукцыю, мы не толькі менш плацім валюты іншым, але і больш зарабляем самі. А гэта даходы нашых людзей, занятасць, сацыяльная і эканамічная стабільнасць", - лічыць беларускі лідар. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гаворка не ідзе аб тым, каб усё замясціць айчыннымі таварамі. "Гэта нерэальна і не трэба. Але калі ёсць попыт на, калі нашы людзі гатовыя па любой цане купляць гэтыя тавары, гэта значыць існуе шырокі рынак, чаму не ствараюцца новыя магутнасці, каб задаволіць гэты плацежаздольны попыт?" - адзначыў Прэзідэнт.-0-

БЕЛТА